Мужчыны зь нізкім голасам лічацца больш цікавымі для жанчын, у той час як мужчынам больш падабаюцца жанчыны з больш высокім голасам. Жанчыны, якія выступаюць у ролі спэцыяліста ці экспэрта, спрабуюць зьнізіць свой голас. Гэта некаторыя вынікі дасьледаваньня голасу чалавека, праведзенага псыхолягамі Ўроцлава.
Дасьледчыкі стараюцца вызначыць, ці па голасе можна нешта сказаць пра чалавека, напрыклад, пра яго сацыяльны статус ці нейкія біялягічныя рысы.
Навукоўцы дасьледуюць, якім чынам акустычныя характарыстыкі голасу, напрыклад, яго вышыня, тэмп маўленьня зьвязаныя з рознымі рысамі чалавека.
Паводле словаў псыхолягаў, тэмбр голасу добра супадае з камплекцыяй і ростам цела, таму што гэта зьвязана з канструкцыяй органаў маўленьня. Дасьледаваньні пацьвердзілі, што, да прыкладу, у высокага мужчыны зь вялікай вагой цела больш нізкі голас, а ў нізкіх – больш высокі.
Навукоўцы правяраюць таксама, ці чалавек маніпулюе сваім голасам, каб дасягнуць вызначаных мэтаў. Пацьвердзілася, што гэта дзейнічае ў выпадку людзей, якія знаходзяцца ў кантакце зь вельмі прывабным чалавекам процілеглага полу: напрыклад, мужчына падчас размовы з прыгожай жанчынай спрабуе зьнізіць свой голас. Таксама жанчына, якая спрабуе заваяваць аўдыторыю, зьніжае свой голас.
Уроцлаўскія псыхолягі праводзяць дасьледаваньні голасу ня толькі ў Польшчы ці ў заходніх краінах, але таксама ў слаба разьвітых рэгіёнах: Танзаніі, Індыі, рэгіёне Гімалаяў.
Польскія вучоныя зрабілі выснову, што ў мужчын зь нізкім голасам больш дзяцей. Гэта зьвязана з тым, што ў такіх мужчын таксама больш тэстастэрону. Навукоўцы выявілі, што ў традыцыйных плямёнах мужчына зь нізкім голасам больш хуткі, моцны ды лепш палюе й больш падабаецца жанчынам – зазначае прафэсар Пётр Саракоўскі з Уроцлаўскага ўнівэрсытэта.
яс