5.05.1943 г. Сікорскі заклікаў дапамагчы паўстанцам гета
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
05.05.2018 09:33
-
5.05.1943_паўстаньне ў Варшаўскім гета.mp3
19 траўня 1943 году 1,5 тысячы габрэяў гета распачало барацьбу за вызваленьне.
Здымак са справаздачы камандзіра фашысцкіх сіл падчас паўстаньня Ю.Стропа, падпісаны "Гэтыя бандыты аказвалі ўзброены супраціў"commons.wikimedia.org/Public Domain
5 траўня 1943 году прэм’ер-міністар польскага ўраду ў эміграцыі прызваў палякаў да дапамогі паўстанцам Варшаўскага гета.
Варшаўскае гета ўзьнікла ў акупаванай гітлераўцамі Варшаве ў 1940 годзе. Тэрыторыя гета ахоплівала ўсяго 2,6 квадратных кілямэтра і яно было прызначана для габрэйскага насельніцтва Варшавы й ваколіц. У 1941 годзе на гэтай тэрыторыі жыло 400 тыс. чалавек, максымальная лічба складала 460 тыс.
Умовы жыцьця ў гета былі невыносныя. Фашысты праводзілі палітыку вынішчэньня габрэяў, па сутнасьці для гэтага гета было і створана.
З 1942 году фашысты пачалі дзеяньні па ліквідацыі гета. За год з яго было вывезена 300 тыс. чалавек, галоўным чынам у лягеры сьмерці ў Трэблінку. Другі этап ліквідацыі гета распачаўся ў 1943 годзе. Прычым, каб не ствараць умоваў для бунту гітлераўцы падавалі інфармацыю, што людзей пераводзяць на працы ў іншыя месцы.
19 траўня 1943 году, пад кіраўніцтвам Мардахая Анелевіча ў Варшаўскім гета распачалося паўстаньне. Агульна ў паўстаньні ўзяло ўдзел каля 2 тыс. чалавек. У той час у гета знаходзілася каля 50 тысяч габрэяў.
Разумеючы вельмі важнае значэньне паўстаньня для Польшчы, Уладыслаў Сікорскі, прэм’ер -міністар Рэчы Паспалітай у эміграцыі, выступіў па ББС з адозвай да палякаў пра неабходнасьць дапамогі паўстанцам.
Гэта быў хутчэй палітычны крок, чым практычны. Хаця адносіны да габрэяў польскіх грамадзянаў былі неаднароднымі, розныя польскія баявыя арганізацыі, у тым ліку Армія краёва, дапамагалі паўстанцам і жыхарам гета, перш за ўсе зброяй.
Паўстаньне працягвалася ня вельмі доўга, ужо 16 траўня 1943 году немцы афіцыйна абвясьцілі пра тое, што яно было падаўлена.
Немцы выкарыстоўвалі палітыку спаленай зямлі. Падчас падаўленьня паўстаньня загінулі амаль усе тыя, хто застаўся ў гета, лічба складала каля 50 тысяч чалавек.
Па загаду Гітлера гета было цалкам разбурана.
Павал Усаў