Logo Polskiego Radia
Print

Сланіха ўцякла, але спужалася вераб'я і вярнулася

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.05.2018 13:38
Варшаўскі заапарк мае багатую і цікавую гісторыю.
Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZPhoto: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZPhoto: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

«Gazeta Wyborcza» друкуе вялікі артыкул пра варшаўскі заапарк. Кожны зьвер у зьвярынцы мае сваю гісторыю. У адных змрочная мінуўшчына, у іншых – складаны характар. Напрыклад, ёсьць тры саміцы слана і адзін малады самец, якому 17 гадоў. Слон у гэтым узросьце – тое ж самае, што і малады хлопец, падлетак. І слон Леон, таксама, як падлетак, капрызьнічае, спрабаваў кіраваць сланіхамі, таму прыйшлося яго ізаляваць. Дарэчы, тое ж самае адбываецца ў прыродзе – там маладыя самцы жывуць паасобку. А вось самка Эрна мае за сабою крымінальнае мінулае – у Галяндыі, дзе жыла раней у парку сафары, яна забіла свайго апекуна. У некаторых заапарках апекуны маюць непасрэдны кантакт са зьвярамі, у Варшаве інакш – апекуны не ўваходзяць у вальеры жывёлы.

Па заапарку журналістаў правёў Якуб Кшэміньскі з фонду “Панда”, які садзейнічае разьвіцьцю варшаўскага заапарку. На вальерах многіх зьвяроў вісяць таблічкі з інфармацыяй, хто апякуецца дадзенай жывёлай, такое шэфства бяруць на сябе пераважна фірмы.

Ёсьць таксама пытаньні пра тое, ці часта здараецца, каб зьвяры ўцякалі са сваіх вальераў. Бываюць такія выпадкі. Напрыклад, калісьці малады гепард убачыў электрычнае аўто, на якім ехалі садоўнікі і пераскочыў праз агароджу вышынёй у 2,5 мэтры. Перапужаныя садоўнікі ўцяклі на дах будынку, але гепарда цікавіў толькі аўтамабіль. Неўзабаве ўдалося яго заманіць назад у вальер, а плот зрабілі вышэйшым. Здарылася таксама аднойчы, што сланіха выйшла за агароджу і хадзіла па зьвярынцы. Вярнуцца назад прымусіла яе сустрэча з вераб’ём. Птушка скакала ў яе бок і так спужала слана, што ён хуценька вярнуўся да сябе. А вось пры вальеры белых мядзьведзяў стаіць таблічка, што мішкі вельмі любяць маянэз. Гэта найлепшы іх ласунак.

Фонд, які займаецца падтрымкай зьвярынца, называецца «Панда». Аднак сапраўднай панды ў Варшаве хутчэй ня будзе, паколькі гэта вельмі дорага. Усе панды лічацца ўласнасьцю Кітая. Можна пазычыць зьвера, але гэта каштуе адзін мільён даляраў у год.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт