Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адкрываецца салён па продажу гіраскутэраў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.04.2018 15:39
Гэта добры транспартны сродак як для дзяцей, так і дарослых.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У Польшчу прыйшла мода на гіраскутэры (электрычную прыладу ў выглядзе дошкі з двума коламі па баках, якая працуе на акумулятарах – рэд.). Інакш іх называюць ховэбордамі, што не зусім адно і тое ж. У краіне адкрываецца першы салён продажу гіраскутэраў – паведамляе „Rzeczpospolita”. Такія прылады на сьвеце пачалі прадаваць тры гады таму, а цяпер попыт імкліва расьце. У адных толькі ЗША, як толькі гіраскутэры ўвайшлі на рынак, попыт дасягнуў трох мільёнаў штук. Таму экспэрты ў Польшчы прагназуюць, што электрычныя скутэры будуць хітом сёлетняй вясны.

Такога тыпу транспартныя сродкі дазваляюць езьдзіць максымальна да 30 км/г, паводле актуальных законаў на іх можна рухацца па тратуары, але неўзабаве гэта можа зьмяніцца, паколькі рыхтуюцца папраўкі ў законы. У выніку карыстальнікі электраскутэраў павінны будуць езьдзіць па дарогах для ровараў.

Прадаўцы гіраскутэраў адзначаюць, што гэта можа быць ідэальны падарунак на Першую камунію або Дзень дзіцяці, але нельга разглядаць такія прылады выключна як цацку для дзяцей. Гэта можа быць транспартны сродак і для дарослых, які значна аблягчае магчымасьць перасоўваньня па горадзе.

Бум на гіраскутэры ў Польшчы можа затрымаць адносна высокая цана прыладаў. Праўда, магчыма купіць таньнейшыя за некалькі соцень злотых (каля 100 даляраў), але пераважна трэба падрыхтавацца да выдатку на ўзроўні звыш адной тысячы злотых. Тым ня менш, яны паступова могуць стаць альтэрнатывай гарадзкому транспарту.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт