У лістападзе супрацоўнікі грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разам з супрацоўнікамі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка адлавілі і пазначылі двух ваўкоў адмысловымі каляровымі ашыйнікамі, а яшчэ аднаго – ашыйнікам з GPS-перадатчыкам, які можа дасылаць сыгналы пра перамяшчэньні драпежніка. Але назіраньні ў чарнобыльскай зоне вымушана скончыліся. Адзін з ваўкоў зьнік і не трапляе на фотапасткі, другога застрэлілі яшчэ ў канцы сьнежня, а трэцяга, з «разумным» ашыйнікам, сьмерць ад кулі напаткала 24 лютага.
Віктар Фянчук з «Аховы птушак Бацькаўшчыны», які каардынуе «воўчы праект», расказвае, што яны ставілі перад сабой дзьве мэты.
В. Фянчук: Першая – навуковая. Сабраць дадзеныя пра жыцьцё ваўкоў, якую тэрыторыю яны займаюць, чым харчуюцца. З ваўкамі зьвязана вельмі шмат мітаў, асабліва сярод паляўнічых, напрыклад, што нібыта яны ядуць тонамі мяса. Для нас вельмі важна атрымаць навуковыя дадзеныя, колькі яны ядуць, што ядуць. Другой важнай мэтай зьяўляецца папулярызацыйная і асьветніцкая праца. Мы палічылі, што вынікі навуковага праекту будуць цікавыя ня толькі навукоўцам, але і шырокаму колу. Таму мы зьмяшчаем атрыманыя дадзеныя на сайце vouk.by.
Па словах Віктара Фянчука, Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік зьяўляецца вельмі цікавым месцам для назіраньня за ваўкамі. Да гэтага часу праводзіліся назіраньні за 10 ваўкамі, якія жылі ў глыбокай чарнобыльскай зоне, зь якой яны ніколі не выходзілі. Аднак апошнім часам у СМІ паявілася шмат інфармацыі аб тым, што чарнобыльская зона стала нібыта рассаднікам ваўкоў, якія выходзяць па-за тэрыторыю запаведніка, у якім паляваньне на драпежнікаў забароненае. Навукоўцы вырашылі праверыць гэтую інфармацыю - паспрабаваць даведацца, як паводзяць сябе драпежнікі на перыфэрыі чарнобыльскай зоны.
В. Фянчук: Можа яны сапраўды выходзяць вонкі і ходзяць па вёсках? Для гэтага мы адлавілі і пазначылі трох ваўкоў. Мы высьветлілі, што яны сапраўды выходзяць па-за межы Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка, але выходзяць ня ў вёскі, а на быдламагільнікі. На гэтых быдламагільніках неадпаведным чынам пахаваныя парэшткі памерлых кароў. Мясцовыя паляўнічыя адмыслова ствараюць умовы, каб ваўкі прыходзілі на гэтыя быдламагільнікі. Калі б чалавек адмыслова не ствараў па-за зонай умовы, багатыя на лёгкае харчаваньне, то ваўкі спакойна жылі б у межах запаведніка. Нашыя ваўкі менавіта там і трапілі пад кулю паляўнічых. Таму наш эксперымент быў хутка скончаны.
На сайце vouk.by зьмешчаныя прыклады інфармацыі са СМІ, у якіх паведамляецца пра небясьпеку, якую ў вёсках ствараюць ваўкі. Спэцыялісты езьдзяць у гэтыя месцы і аказваецца, што гэта непраўдзівая інфармацыя. Большасьць з такіх навін – несапраўдная.
Віктар Фянчук адзначае, што ваўкоў абвінавачваюць несправядліва. Чаму так адбываецца? І ці ваўкі сапраўды бяскрыўдныя драпежнікі, а можа іх усё ж трэба баяцца? Пра гэта слухайце ў далучанай гукавой размове.
Праект па назіраньні за ваўкамі пасьпяхова працягваецца ў Белавескай пушчы. За “воўчымі” навінамі можна сачыць на сайце vouk.by.
ав