Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы распрацоўваюць лячэньне глаўкомы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.03.2018 17:17
Дасьледаваньні праводзяць навукоўцы Сілескага мэдыцынскага ўнівэрсытэта ў Катавіцэ.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Глаўкома зьяўляецца прычынай незваротнай сьлепаты.

Дасьледчыкі пад кіраўніцтвам прафэсар Яаны Левін-Кавалік апрацавалі мэтад лячэньня, які ў пацукоў, хворых глаўкомай, у два разы падоўжыў пэрыяд ад пачатку захворваньня да поўнай страты зроку.

Асноўным фактарам рызыкі захворваньня зьяўляецца высокі ціск унутры вачэй, таму лячэньне глаўкомы ў цяперашні час грунтуецца, галоўным чынам, на розных спосабах яго зьмяншэньня.

Тым часам, польскія вучоныя ў выніку доўгатэрміновых назіраньняў выявілі, што рэгулятарны бялок пад назвай HuR, які знаходзіцца ў клетках сятчаткі, можа спыніць гібель гэтых клетак пры глаўкоме, ці нават стымуляваць іх рэгенэрацыю.

Бялок HuR часам нават называюць бялком неўміручасьці, таму што клеткі, у якіх ён прысутнічае ў высокай канцэнтрацыі, больш устойлівыя да шкодных фактараў.

«З выкарыстаньнем найноўшых мэтадаў геннай інжынэрыі мы ўводзім у вока дадатковы ген, які адказвае за вытворчасьць бялку HuR. Гэта робіцца шляхам іньекцыі ў шклопадобнае цела вока», – тлумачыць удзельнік праекту доктар Адрыян Смэндоўскі (Adrian Smędowski).

Канчатковых вынікаў праверкі эфэктыўнасьці і бясьпекі гэтай тэрапіі, трэба чакаць, па меншай меры, некалькі гадоў.

Падлічана, што каля 70 мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце пакутуюць ад глаўкомы. Штогод зьяўляецца каля 7,5 млн новых выпадкаў захворваньняў.

У Польшчы праблема глаўкомы закранае каля 700 тысяч чалавек. Палова з іх, хутчэй за ўсё, нават ня ведае пра хваробу.

Падступная прырода гэтага захворваньня ў асноўным зьвязаная з тым, што на раньніх стадыях яна праходзіць без сымптомаў. Прычынай рэзкага павелічэньня колькасьці выпадкаў гэтага захворваньня зьяўляецца глябальнае старэньне насельніцтва і такія хваробы як дыябэт ды сардэчна-сасудзістыя захворваньні.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт