Logo Polskiego Radia
Print

Перад сьвятамі палякі дзеляцца зь беднымі асобамі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.03.2018 14:21
Па ўсёй Польшчы прайшла дабрачынная акцыя "Так, я дапамагаю!".
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакPAP/Marcin Bednarski

У мінулыя выходныя дабрачынная арганізацыя каталіцкага касьцёла Caritas правяла акцыю па зборы прадуктаў харчаваньня і фінансавых сродкаў для малазабясьпечаных асобаў. Валянцёры зьбіралі харчаваньне з доўгім тэрмінам захоўваньня.

Акцыя дапамогі малазабясьпечаным асобам пад назваю «Так, я дапамагаю!» прайшла па ўсёй Польшчы. Добраахвотнікі зьбіралі ў крамах некалькіх гандлёвых сетак прадукты харчаваньня – кансэрвы, макароны, кашу, слодычы.

У Польшчы ўсё яшчэ нямала людзей, якім патрэбная матэрыяльная дапамога, хаця маштаб галечы памяншаецца, – сказаў Польскаму радыё ў Кашаліне дырэктар «Карытас» кашалінска-калабжэскай дыяцэзіі ксёндз Томаш Рода.

Т. Рода: Паляпшаецца матэрыяльнае становішча сем’яў, паколькі сем’і з дзецьмі атрымліваюць дзяржаўную дапамогу на дзяцей 500+. Тым ня менш, ёсьць група людзей, якім вельмі патрэбная падтрымка, хаця б многія пажылыя асобы. Сярод старыкоў часта назіраецца беднасьць, галеча. Нізкая пэнсія, хваробы, на якія трэба пастаянна купляць лякарствы, трэба плаціць квартплату. Многім пажылым цяжка зьвязаць канцы з канцамі, яны эканомяць на прадуктах харчаваньня.

І таму, робячы пакупкі, варта падумаць пра іншых і нешта купіць для таго, каму дапамога патрэбная, – дадае ксёндз Рода.

Т. Рода: У пэрыяд вялікага посту перад велікоднымі сьвятамі мы часта гаворым пра ахвяраваньне, міласьціну. Такім чынам, выдаючы на некалькі злотых больш, мы пераносім міласьціну ў практычную плоскасьць. Купляючы харчаваньне, якое камусьці патрэбнае, мы робім добрую справу. І мы самі ўнутры сябе адчуваем, што камусьці дапамаглі.

З прадуктаў харчаваньня, якія ўдалося сабраць падчас акцыі «Так, я дапамагаю!», добраахвотнікі падрыхтуюць сьвяточныя пасылкі для бедных людзей. Гаворыць каардынатар праграмаў дапамогі ў арганізацыі Карытас Польшча Бартламей Куліш.

Б. Куліш: Дапамогу перад сьвятамі мы накіроўваем да малазабясьпечаных асобаў, адзінокіх людзей. А таксама да тых, хто прабывае ў нашых цэнтрах – дамах дзіцяці, да тых, хто прыходзіць атрымаць гарачую страву ў нашых сталоўках. Туды мы адправім сабраныя прадукты харчаваньня. Магчыма, дзякуючы гэтай акцыі сьвяты ўваскрэсеньня Хрыста будуць менш прыкрыя для гэтых людзей.

Калі хтосьці хацеў бы дапамагчы, але не сустрэў у краме валянцёраў, якія зьбіраюць харчаваньне, то ён можа падключыцца ў акцыю высылаючы СМС-паведамленьне.

Б. Куліш: Па традыцыі, нашу акцыю можна падтрымаць, высылаючы смс «пачка» на нумар 72052. І такім чынам можна пераслаць грошы.

Віцэ-дырэктар Карытас Жэшаўскай дыяцэзіі ксёндз Пётр Патырала нагадвае, якія прадукты найбольш патрэбныя бедным ды адзінокім асобам.

П. Патырала: Перш за ўсё мы зьбіраем прадукты харчаваньня з доўгім тэрмінам захоўваньня. Патрэбныя макароны, рыс, кансэрвы, мука, гарбата. Я яшчэ раз прашу ўсіх людзей добрай волі не праходзіць абыякава каля валянцёраў, якія зьбіраюць прадукты, а частку сваіх пакупак перадаць тым людзям, якім у гэтым жыцьці бывае цяжэй, чым нам.

У зборы прадуктаў харчаваньня ўдзельнічала каля 20 тыс. валянцёраў з парафіяльных і школьных груп Caritas Польшча. Арганізацыя па традыцыі праводзіць дабрачынны збор прадуктаў харчаваньня для малазабясьпечаных асобаў два разы ў год – зімой перад сьвятамі Божага нараджэньня і вясной перад сьвятам Уваскрэсеньня Хрыста. Вясеньняя акцыя карыстаецца меншай падтрымкай, чым зімняя, калі людзі больш схільныя памагаць іншым. Тым ня менш, прадукты харчаваньня патрэбныя цэлы год, таму арганізатары акцыі нагадваюць, што памагаць варта заўсёды. Дарэчы, калі хтосьці ня браў удзелу ў акцыі «Так, я дапамагаю!» у мінулыя выходныя, то ён можа прынесьці свае дары непасрэдна ў парафіі ды ў цэнтральны аддзел Caritas, да вялікага чацьвяргу перад сьвятамі.

У мінулым годзе ў рамках сьнежаньскай акцыі удалося сабраць 13 тон прадуктаў харчаваньня.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт