Logo Polskiego Radia
Print

Польскія ўлады вырашылі заняцца біткойнам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.02.2018 13:35
Няма законаў, якія рэгулююць абарачэньне крыптавалютамі.
Лягатып біткоінуЛягатып біткоінуpixabay.com/MichaelWuensch/Public Domain CC0

Расьце зацікаўленьне так званымі крыптавалютамі. Біржы такіх віртуальных грошай дзейнічаюць у юрыдычным прарэху, паколькі няма законаў, якія рэгулююць абарачэньне крыптавалютамі. Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі абяцаў нядаўна, што гандаль крыптавалютамі ў Польшчы будзе забаронены або ўрэгуляваны.

«Dziennik Gazeta Prawna» паведамляе, што ў Міністэрстве фінансаў створаная рабочая група, якая занялася падрыхтоўкай адпаведных нарматыўных актаў. Чальцы групы не кажуць пра забарону, праца канцэнтруецца на тым, якім чынам гарантаваць бясьпеку асобам, што куляюць на біржах біткойны ды іншыя віртуальныя валюты. На дадзены момант гэтыя біржы ў краіне ніякім чынам не кантралююцца. У праве няма нават паняцьця «віртуальная валюта». Законы адстаюць ад жыцьця.

Інфарматары выданьня кажуць, што ўжо на першай сустрэчы рабочай групы ўзьнікла ідэя ўвесьці адмысловы падатак на крыптавалюты. Яна выклікала супраціў Камісіі фінансавага нагляду і Нацыянальнага банку Польшчы, якія выказваюць боязі, што ў такой сытуацыі дзяржаве прыйдзецца ўзяць на сябе ўсе фактары рызыкі, якія нясе з сабою абарачэньне крыптавалютамі.

Падатак ды іншыя формы рэгуляваньня рынку крыптавалют – гэта пакуль толькі прапановы. Польшча мяркуе, што канкрэтныя ідэі ўпарадкаваньня дадзенага сэгмэнту рынку павінны быць распрацаваныя як мінімум на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу. Пакуль што эўрапейскія кантралёры фінансавага рынку выдалі папярэджаньне для спажыўцоў, у якім гаворыцца пра небясьпеку, зьвязаную з купляй крыптавалюты.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт