Logo Polskiego Radia
Print

90 гадоў таму пачало працаваць Польскае радыё "Вільня"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.01.2018 15:53
  • польская радыёстанцыя ў Вільні.mp3
Перадачы былі ня толькі па-польску, але таксама на летувіскай і беларускай мовах.
Польскае радыё "Вільня". Дыктар Галіна ГогендлінгерПольскае радыё "Вільня". Дыктар Галіна Гогендлінгерwww.nac.gov.pl/Public Domain

Роўна 90 гадоў таму, 15 студзеня 1928 года, пачало вяшчаць Польскае радыё «Вільня». Радыёстанцыя трансьлявала перадачы ня толькі па-польску, але таксама на летувіскай і беларускай мовах.

Славутая «зязюля» была пазыўным віленскай радыёстанцыі Польскага радыё. Станцыя працавала да пачатку Другой сусьветнай вайны, а за 11 гадоў працы журналісты прапанавалі слухачам вялізную колькасьць выдатных перадач. Тут, між іншым, быў створаны радыётэатар. У Вільні журналісты рыхтавалі таксама шмат літаратурна-мастацкіх перадач. У іх удзельнічалі, у прыватнасьці, тагачасныя маладыя паэты: Чэслаў Мілаш, Канстанты Ідэльфанс Галчынскі, Тодар Буйніцкі ды Ежы Загурскі.

Віленская радыёстанцыя трансьлявала канцэрты, аўтарскія перадачы, камэнтары, праграмы публіцыстычнага жанру, літаратурныя выпускі, а таксама навіны на беларускай ды летувіскай мовах. Вялікай папулярнасьцю карысталіся перадачы на розных гаворках. Віленскае радыё штодзённа трансьлявала таксама сьвятую імшу з капліцы ў Сьвятой Браме.

Некалькі гадоў праграмным дырэктарам радыёстанцыі ў Вільні быў Вітольд Гулевіч, аўтар першай арыгінальнай кампазыцыі, напісанай адмыслова для радыё – «Пахаваньне Кейстута». Гэтая перадача, на жаль, не захавалася на стужцы, але ў архівах ёсьць інтэвію, якое Гулевіч узяў у пілёта Францішка Жвіркі пасьля яго перамогі на міжнародных авіяспаборніцтвах.

В. Гулевіч: Паручнік Жвірка, які нарадзіўся ў Вільні, зараз зьвернецца да вас, радыёслухачы. «Наша перамога дазволіла нам адчуць гонар за тое, што ў Польшчы ня толькі любяць лётаць, але таксама за тое, што Польшча таксама хоча і здольная да такога высілку, які дазволіць ёй змагацца ў паветры зь іншымі».

У Вільні працавалі выдатныя журналісты, а таксама выбітныя артысты, зь вялікім досьведам у працы радыёжурналіста. А праца на радыё была тады зусім іншай, чым цяпер, у эру тэхнічнага прагрэсу і лічбавай мініятурнай тэхнікі. Адзін са стваральнікаў першых радыёспэктакляў Зьбігнеў Капалька так успамінаў праз шмат гадоў сваю працу на радыё ў Вільні.

З. Капалька: Першае маё сутыкненьне зь мікрафонам адразу было сустрэчай у жанры радыёжурналістыкі, рэпартажу. Я быў таксама спартыўным камэнтатарам. Трэба сказаць, што я хутка палюбіў радыё, а ў віленскай радыёстанцыі выконваў разнастайную працу: быў аўтарам рэпартажаў, а таксама статыстам, асыстэнтам рэжысёра, а пазьней сам стаў рэжысёрам.

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Чэслаў Мілаш працаваў у 30-ыя гады на радыё ў Вільні, прымаў удзел, між іншым, у падрыхтоўцы літаратурных перадач. Ён пазьней згадваў, што галоўным чынам запаўняў «каляровыя паперы», гэта значыць, рыхтаваў графік перадач.

Ч. Мілаш: Праца на радыё мяне вельмі нудзіла, я лічыў гэта стратай часу, але пры гэтым я стараўся выконваць свае абавязкі як мага лепш. Я быў вельмі ўдзячны майму сябру Тадэвушу Бырскаму, які працаваў на радыё і які мяне туды запрасіў. Я на самой справе ня ўдзельнічаў у запісе перадачы, вельмі рэдка. Пераважна я займаўся падрыхтоўкай праграмы, рыхтаваў графік перадач.

Віленская радыёстанцыя была вядомая сваімі цудоўнымі галасамі. Сярод іх быў Юліюш Астэрва, які ў эфіры чытаў «Крымскія санэты» Адама Міцкевіча. Вашай увазе фрагмэнт верша «Акерманскія стэпы» (беларускі пераклад – Максім Танк).

Ю. Астэрва: Я выплыў на прастор сухога акіяну. Воз, быццам лодка, тоне, у зелені нырае. У хвалях кветак, шумных траў, мінаю. Здалёк каралавыя астравы бур'яну.

Радыёстанцыя ў Вільні была важнай часткай Польскага радыё, дзе працавалі выдатныя аўтары, прадстаўнікі сьвету культуры й навукі. Радыё «Вільня» было чацьвёртай рэгіянальнай радыёстанцыяй Польскага радыё, адкрытай пасьля станцый у Кракаве, Познані й Катавіцэ. Да вайны працавалі таксама радыёстанцыі ў Львове, Лодзі, Торуні й Баранавічах. Станцыя ў Вільні была даволі сучаснай у тагачасным разуменьні. У ліпені 1939 году былі гатовыя новы будынак і дзьве 40-мэтровыя мачты. Цягнік з апаратурай адправіўся з Варшавы 30 жніўня 1939 году, але да Вільні ўжо не дайшоў.

Польскае радыё «Вільня» вяшчала да 16 верасьня 1939 году, калі на яго ўпалі нямецкія бомбы.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт