Logo Polskiego Radia
Print

Маладыя палякі любяць спажывецкі стыль жыцьця

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.12.2017 13:50
Сацыёлягі меркавалі, што моладзь захоча хутчэй "быць, чым мець". Яны памыляліся.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Выданьне «Polityka» піша пра схільнасьць палякаў да ўваходжаньня ў даўгі. Некаторыя сацыёлягі меркавалі, што маладое пакаленьне, цяперашнія 20-годкі захочуць хутчэй «быць, чым мець». Ужо відаць, што гэта няпраўда. Маладыя ня менш, чым іх бацькі, любяць спажывецкі стыль жыцьця.

Калі пакаленьне 30-40-гадавых людзей сядзіць па вушы ў даўгах, то гэта хутчэй пазыкі на кватэры, аўтамабілі або іншыя салідныя рэчы. У сваю чаргу маладыя часта бяруць крэдыты на заморскія рэйсы, палёты на паветраным шары, кампутарныя гульні, лодкі, коней ці плястычныя апэрацыі. Многія зарабляюць замала, каб ісьці ў банк, таму яны карыстаюцца паслугамі падазроных фірмаў, якія выдаюць пазыкі пад жахліва высокія працэнты. Маладыя часта скрываюць свае даўгі, нават ад блізкіх людзей.

Палякі жартуюць, што кожнае пакаленьне ў краіне мела сваю траўму: дзядулі – вайну, бацькі – ваеннае становішча, а маладзейшыя – крэдыты ў швэйцарскіх франках. Гэтае сярэдняе пакаленьне крыху прадыхнула пасьля ўвядзеньня праграмы дапамогі на дзяцей, і зноў пачало браць крэдыты. Каталёг рэчаў, якія абавязкова трэба мець, пастаянна пашыраецца. У мінаючым годзе палякі ўзялі пазыкаў на агульную суму звыш 72 млрд. злотых, на 4,2% больш, чым годам раней.

Здараецца, што палякі выдаткоўваюць грошы неразважліва. Кожны другі чалавек у апытаньнях прызнаўся, што хаця б раз непрадумана выдаткаваў суму больш за адну тысячу злотых, аб чым пазьней шкадаваў. Цікава тое, што больш разважлівыя і асьцярожныя ў гэтым сэнсе жанчыны, чым мужчыны, хаця часьцей пазычаюць грошы менавіта жанчыны, а не мужчыны.

Сярэдняе пакаленьне на многа часьцей, чым бацькі, сварыцца за грошы. Непаразуменьні на гэтым фоне зьяўляюцца адной з важнейшых прычын разводаў. У сваю чаргу пажылое пакаленьне, людзі за 60, доўга былі свабодныя ад крэдытаў. Яшчэ ў палове першага дзесятка 2000 г. асобам, якім больш за 60, банкі не выдзялялі крэдытаў. Але пазьней пачалі ім даваць пазыкі, і цяпер вельмі задаволеныя пажылымі кліентамі, якія аказаліся выключна саліднымі. Сёньня ў слоўніку банкаў няма слова «пэнсіянэр». Кліентаў дзеляць паводле стылю жыцьця, а не ўзросту. А палякі занялі другое месца ў Эўропе пасьля румынаў сярод народаў, якія ахвотней за ўсё бяруць крэдыты.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт