Экатаксыколяг Лукаш Бянькоўскі ўжо некалькі гадоў праводзіць дасьледаваньні над атручваньнем цяжкімі мэталямі водаплаваючых і балотных птушак. Гэта дастаткова вялікая праблема, вядомая ва ўсім сьвеце, але не да канца дасьледаваная. Гаворачы пра цяжкія мэталы на ўвазе маюцца кадмій, сьвінец, ртуць, жалеза, медзь. Сярод іх ёсьць мэталы, якія зьяўляюцца небясьпечнымі для жыцьця, але ёсьць таксама мэталы, неабходныя жывым арганізмам.
Дасьледуючы праблему атручваньня птушак пад увагу бяруцца найперш сьвінец, таксама кадмій і ртуць. Найбольшая колькасьць дасьледаваньняў прысьвечаная сьвінцу з увагі на крыніцу атручваньня – гэта сьвінцовыя рыбалоўныя грузілы і сьвінцовы паляўнічы дроб.
Якім чынам грузіла і дроб трапляюць у арганізм птушак? Лукаш Бянькоўскі кажа, што трэба зьвярнуць увагу на біялёгію і экалёгію гэтых птушак.
Л. Бянькоўскі: У прынцыпе, абодва матэрыялы – дроб і грузіла – дзейнічаюць аднолькавым чынам. Усё ж прасьцей гэта патлумачыць на прыкладзе паляўнічага дробу, але мэханізм аднолькавы. У адным паляўнічым патроне (адзін стрэл) знаходзіцца каля 200 штук сьвінцовага дробу дыямэтрам прыкладна 3 мм. Частка дробу трапляе ў птушак, на якіх палююць паляўнічыя. Астатняя частка прызямляецца ў лесе і вадаёмах. І тут паяўляецца праблема. Астатнія птушкі падчас харчаваньня могуць памыліцца і праглынуць дроб замест маленькіх каменьчыкаў. Для пераварваньня ежы птушкам патрэбны ў страўніку маленькія каменьчыкі, дзякуючы якім ежа пераціраецца. Калі птушка памыліцца, а гэта здараецца часта, то такі дроб распускаецца ў страўніку. Частка выдаляецца з арганізму, а частка трапляе ў кроў, выклікаючы атручваньне.
Цяжка адказаць на пытаньне, колькі дробу ці грузіл павінна трапіць у арганізм птушкі, каб выклікаць атручваньне. Усё залежыць ад розных абставін, між іншым, ад стану здароўя птушкі, ад таго, ці птушка наеўшаяся, і які від ежы знаходзіцца ў страўніку. Паводле экспэрта, ёсьць дасьледаваньні, якія паказваюць, што нават адна штука дробу можа выклікаць сьмяротнае атручваньне. Былі таксама выпадкі, калі ў страўніку знойдзеных мёртвых птушак знаходзілася каля 20 штук дробу.
Адзінае, што можа выправіць сытуацыю, гэта забарона выкарыстоўваньня сьвінцу для паляваньня і рыбалоўства.
Л. Бянькоўскі: Многія краіны гэта ўжо зрабілі, напрыклад, ЗША, Канады, Францыя. Некаторыя краіны ўводзілі такую забарону на пэўнай частцы, альбо ў паляваньні на акрэсьленыя групы жывёл, напрыклад, водаплаваючых птушак. Аднак гэта толькі пачатак вырашэньня праблемы. Самай галоўнай праблемай зьяўляецца тое, што сьвінцовы дроб не раскладваецца. Гішпанскія дасьледаваньні паказваюць, што на тэрыторыі, дзе паляваньне сьвінцом было забаронена, праз 50 гадоў там знаходзяць дроб, а птушкі надалей маюць павышаны ўзровень сьвінцу. На пытаньне, як насамрэч пазбавіцца ад праблем, навука ня ведае адказу.
Забарона сьвінцовага дробу выклікае супраціў паляўнічага асяродзьдзя. Замена дробу са сьвінцовага на іншы вымагае таксама замены паляўнічай зброі і ўплывае на эфэктыўнасьць такой зброі.
Пад пагрозай атручваньня сьвінцом знаходзяцца ўсе птушкі, зьвязаныя з водным асяродзьдзем, перад усім усе гатункі гусепадобных. На другім месцы знаходзяцца драпежныя птушкі (ястрабы, мышаловы, арлы), якія харчуюцца водаплаваючымі птушкамі. На канцы гэтага ланцуга знаходзіцца таксама чалавек.
Л. Бянькоўскі: У Польшчы ёсьць больш за 100 тысяч паляўнічых. Ня ўсе палююць на водаплаваючых птушак. Але па статыстыцы ў год паляўнічыя забіваюць каля 100 тысяч птушак. Згодна з паляўнічай этыкай, усе гэтыя птушкі павінны быць зьедзеныя. Мы ў сваіх дасьледаваньнях рабілі пэўныя вылічэньні, беручы пад увагу дапушчаныя нормы ўтрыманьня сьвінцу ў арганізьме чалавека. Калі птушка сапраўды была атручаная сьвінцом, то спажыцьцё такой качкі азначае выкарыстаньне ліміту на 5-6 дзён.
Дасьледаваньні, якія праводзіць Лукаш Бянькоўскі, паказалі, што павышаны ўзровень сьвінцу ў арганізьме птушак назіраецца па ўсёй Польшчы.
Краіны, якія забаранілі сьвінцовы дроб, пакуль так і не знайшлі спосабу, як ачысьціць навакольнае асяродзьдзе ад сьвінцу. Адзіным ратункам, паводле нашага госьця, зьяўляецца час.
ав