Многія з нас былі б вельмі зьдзіўленыя, калі б падчас візыту ў лекара замест рэцэпту на лекавы прэпарат яны б атрымалі рэцэпт на... прагулку. Насамрэч нічога дзіўнага ў гэтым няма, паколькі фізычная актыўнасьць, у тым ліку шпацыр, зьяўляецца самым добрым лякарствам ад хвароб.
Дастаткова 30 хвілін фізычнай актыўнасьці ў дзень, каб значна палепшыць стан здароўя. 30 верасьня ў Польшчы адбудзецца акцыя «Прагулка па здароўе. Запрасі свайго лекара». Шпацыр пройдзе ў шасьці гарадах Польшчы: Хшанове, Асьвенцыме, Сандомежы, Скерневіцах, Тарнобжэгу ды Жырардаве. Усе жадаючыя змогуць пахадзіць, сустрэцца з дактарамі, якія распавядуць пра карысны ўплыў спорту на самаадчуваньне.
Прагулка, хуткая хадзьба – гэта самы просты спосаб пазаймацца спортам, не выдаткоўваючы шмат грошай на адмысловую вопратку і спэцыяльную тэхніку, не купляючы абанэмэнтаў у фітнэс-клюбы. Займацца хадзьбой можна ў кожным узросьце, і практычна кожнаму такая актыўнасьць прыносіць карысьць, – гаворыць ініцыятарка акцыі «Прагулка па здароўе. Запрасі свайго лекара» доктар-тэрапэўт Анна Плюцік-Мрожэк.
А. Плюцік-Мрожэк: Гэта самая простая актыўнасьць, якую мы выконваем, нават пра гэта не думаючы. Адзін зь першых рухаў, якім вучыцца дзіця – гэта менавіта хада. 30 хвілін прагулкі ў дзень прыносіць нам вельмі шмат карысьці, не кажучы пра тое, што такі рух падаўжае жыцьцё. Хадзьба паляпшае якасьць жыцьця, зьмяншае рызыку захворваньняў.
У сваю чаргу кардыёляг, прафэсар Артур Манцаж з Варшаўскага мэдычнага ўнівэрсытэту адзначае, што фізычная актыўнасьць можа быць сапраўдным лекам, што пацьвярджаюць як гістарычныя крыніцы, так і навейшыя навуковыя дасьледаваньні.
А. Манцаж: Першым лекарам на польскіх каралеўскіх дварах быў Войцех Очка, лячыў каралёў. І пісаў яшчэ ў 16-ым стагодзьдзі, што рух можа замяніць кожнае лякарства, але ніводнае лякарства ня можа замяніць руху. Пазьней многія адмыслоўцы пра гэта казалі, у тым ліку кардыёлягі. Даказана, што органы, якія актыўна не выкарыстоўваюцца, становяцца менш эфэктыўнымі і дыстрафіруюцца з часам. Таму неабходна трэніраваць костна-суставачную сыстэму, а цяпер ужо вядома, што трэба трэніраваць таксама сардэчна-сасудзістую сыстэму.
Адна з аўтарак праграмы, трэнэр у фітнэс-клюбе Малгажата Пэрль гаворыць, што людзі, якія пачынаюць займацца фізычнай актыўнасьцю, хутка заўважаюць станоўчыя эфэкты.
М. Пэрль: Вельмі часта мае пацыенты, якія прыходзяць на трэніроўку, моцна зьдзіўляюцца, што пасьля трэніроўкі ў іх паніжаецца крывяны ціск. Ім здаецца, што рух павінен падняць ціск, тым больш, калі яны хварэюць на гіпэртанію. Я мераю ціск перад трэніроўкай і пасьля яе. Пацыенты пытаюцца, чаму ціск ніжэйшы, ён жа павінен вырасьці. Я адказваю, што фізычная актыўнасьць рэгулюе, нармалізуе ціск.
Рух ня толькі паніжае ціск, але таксама ўзмацняе мышцы, паляпшае працу дыхальнай сыстэмы, паніжае рызыку інфаркту, зьмяншае боль, дадае энэргіі, паляпшае настрой і агульнае самаадчуваньне, – падкрэсьлівае Артур Манцаж.
А. Манцаж: У людзей, якія пачынаюць займацца спортам, расьце ўзровень эндарфінаў – гармонаў шчасьця. У іх паляпшаецца настрой, і яны пачынаюць чакаць порцыі фізычнай актыўнасьці так, як іншыя чакаюць, каб зьесьці шакаляд. Чалавеку патрэбныя эндарфіны, каб быць шчасьлівым. Канешне, прасьцей купіць шакаляд.
Так, прасьцей і хутчэй купіць шакалядку, каб палепшыць настрой, але фізычная актыўнасьць дае нам, акрамя паляпшэньня настрою, таксама здароўе і лепшае самаадчуваньне. І таму актывісты стараюцца прыцягнуць да актыўнага ладу жыцьця ўсё больш людзей. Акцыя «Прагулка па здароўе» адбываецца ўжо ў чарговы раз, яна пройдзе ў шасьці польскіх гарадах. Распавядае Анна Плюцік-Мрожэк.
А. Плюцік-Мрожэк: Гэта 30 хвілін прагулкі, перад якой крыху практыкаваньняў, каб разагрэць цела і падрыхтаваць яго да руху, а на канец практыкаваньні на расьцяжку. Акрамя гэтага, мы падрыхтавалі майстар-клясы па скандынаўскай хадзе, для пажылых людзей лекцыі пра тое, як аздаравіць пазваночнік, і для цяжарных жанчын.
Ня ўсім лёгка зьмяніць свой стыль жыцьця і пачаць займацца фізычнай актыўнасьцю, асабліва калі хтосьці пакутуе ад хранічнай хваробы. Значна цяжэй кожны дзень хадзіць на паўгадзінны шпацыр, чым два-тры разы ў дзень выпіць таблетку. Тым ня менш, варта ўкласьці крыху працы ў паляпшэньне свайго здароўя, паколькі ўмераны рух – гэта найлепшы рэцэпт на здароўе, які не прыносіць адмоўных пабочных эфэктаў.
ПР/нг