Logo Polskiego Radia
Print

Польскія апякункі ў Нямеччыне - як нявольніцы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.09.2017 13:57
Выезд у Нямеччыну – гэта часта адзіная магчымасьць падзарабіць.
www.pixabay.com

Часопіс «Newsweek» апісвае працу полек, якія працуюць у Нямеччыне ў якасьці апякунак нямоглых людзей. Жыцьцё такіх жанчын апісала сацыёляг Анна Вятр у сваёй кніжцы. Яна сама таксама працавала ў нямецкім доме апякункай пажылой жанчыны. Лёсу апякункам цяжка пазайздросьціць, яны ня маюць практычна ніякіх правоў, усё залежыць ад добрай волі гаспадароў. Як правіла ў дамове на працу апякункі прапісана пражываньне і харчаваньне, і таму яны на кожным кроку чуюць, што каштуюць надта дорага. І таму павінны працаваць не па восем гадзін, як немкі, а цэлыя суткі, нават ноччу ўставаць да сваіх падапечных.

За кругласутачную працу пры старым чалавеку нямецкая сям’я павінна была б заплаціць тром нямецкім апякункам каля 10 тыс. эўра ў месяц. За адну польскую плацяць каля 2 тыс. эўра, з чаго сама жанчына атрымлівае прыкладна палову, рэшту забірае польская фірма, якая падпісвае з ёй кантракт. Мінімальны заробак складае ў Нямеччыне амаль 9 эўра за гадзіну, і таму працу полек сьмела можна назваць жорсткай эксплёатацыяй. Гэтага сэгмэнту рынку ніхто не кантралюе.

Апякункамі працуюць часьцей за ўсё жанчыны, якія набліжаюцца да 50 гадоў, яны з малых населеных пунктаў, дзе цяжка знайсьці працу. Выезд у Нямеччыну – гэта адзіная магчымасьць падзарабіць. Яны добра ведаюць, што праца па 40 гадзін у тыдзень – гэта фікцыя. Нягледзячы на цяжкія ўмовы працы, яны пераважна задаволеныя, паколькі ўдаецца зарабіць нямала, беручы пад увагу заробкі ў Польшчы.

Дарэчы, праблемы, апісаныя ў кнізе Анны Вятр, датычаць, прынамсі часткова, таксама дзьвюх мільёнаў апякунак пажылых, хворых людзей і нянек у Польшчы. Галоўная праблема – адсутнасьць якіх-небудзь нормаў працы, парушэньне Працоўнага кодэксу.

Newsweek/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт