Logo Polskiego Radia
Print

У Гданьску будуюць найбольшы ў Эўропе бурштынавы алтар

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 18.08.2017 08:09
  • Бурштынавы алтар.mp3
Вышыня алтара - 11 мэтраў, даўжыня - 12 мэтраў. (ФОТА, ВІДЭА)
brygida.gdansk.pl

Сёньня я запрашаю вас наведаць храм, у якім будуецца найбольшы ў сьвеце бурштынавы алтар. Хутчэй за ўсё, ужо праз некалькі месяцаў будзе завершаная будова першай часткі Бурштынавага алтара Айчыны ў базыліцы сьвятой Брыгіды ў Гданьску.

«Гэты алтар зьяўляецца падзякай Богу за апеку над польскім народам», – расказвае пробашч базылікі сьвятой Брыгіды ксёндз Людвік Кавальскі.

Усё пачалося ў 2000 годзе. Ідэю пабудаваць бурштынавы алтар агучыў тагачасны пробашч, а таксама капелан прафсаюзу «Салідарнасьць» ксёндз Генрык Янкоўскі і гданьскія аматары бурштыну. Гэта меў быць выраз падзякі за свабоду і пантыфікат Яна Паўла ІІ.

Праект алтару падрыхтаваў прафэсар Станіслаў Радваньскі, былы рэктар гданьскай Акадэміі мастацтваў, а сааўтарам праекту і яго галоўным выканаўцам зьяўляецца вядомы паморскі майстар па бурштыну Марыюш Драпікоўскі.

Цэнтральным элемэнтам, узьніклага на пачатку стагодзьдзя алтара, зьяўляецца абраз Маці Божай-апякункі Сьвята працы, намаляваны ксяндзом Францішкам Знанецкім пасьля крывавага падаўленьня пратэсту рабочых у сьнежні 1970 году. Мадонна і Дзіцятка атрымалі бурштынавыя кароны, асьвечаныя Янам Паўлам ІІ 6 ліпеня 2001 году, а таксама цудоўную, разную сукенку з унікальнага гатунку белага бурштыну.

Па абодвух баках абраза зьмешчаныя фігуры сьвятой Брыгіды Швэдзкай (апякункі Эўропы) і сьвятой Эльжбэты Хэсэльблад, заснавальніцы манаскага ордэна брыгідак. Па баках прэзьбітэрыюм (частка каталіцкага храма паміж асноўнай часткай і алтаром, прызначаная для сьвятароў і касьцёльнай службы) сядзяць велічныя задуманыя бронзавыя фігуры Яна Паўла ІІ і кардынала Стэфана Вышыньскага. Пад скляпеньнем да палёту рыхтуецца белы бурштынавы арол.

У 2000 годзе была таксама зробленая манстранцыя (у каталіцкім касьцёле разнавіднасьць дараносіцы, якая выкарыстоўваецца для адарацыі) з бурштыну вышынёй 1,73 мэтры. Яе выкарыстоўваюць толькі падчас працэсіі Божага цела вуліцамі Гданьска. У гэтым жа самым часе ў алтары былі зьмешчаныя рэлікварый мэтровай вышыні з крывёй сьвятога Яна Паўла ІІ і блаславёнага ксяндза Ежы Папялушкі.

/

Ужо неўзабаве алтар папоўніцца новымі элемэнтамі. Першым зь іх будзе велізарная вінаградная лаза, якая сымбалізуе Хрыстуса. Чарговым элемэнтам будуць палі збожжа з бурштынавымі каласамі, якія сымбалізуюць Эўхарыстыю. Пасьля на самым версе алтара будуць усталяваныя польскія крыжы – айчынныя, незалежніцкія, партызанскія і крыжы з прыдарожных каплічак. На кожным крыжы будуць бурштынавыя элемэнты.

«Пры дапамозе сымболікі Хрыста і патрыятызму мы хочам падкрэсьліць неад’емную сувязь Езуса з польскім народам», – гаворыць ксёндз Людвік Кавальскі.
Працы над алтаром ідуць поўнай парай і, магчыма, пад канец бягучага году жыхары Памор’я і турысты з усяго сьвету змогуць паглядзець на першыя вынікі – частку вінаграднай лазы і крыжы.

Дынамічная будова алтара не была б магчымай без дапамогі парафіян, а таксама людзей з цэлай Польшчы і замежжа. Палякі, украінцы, расейцы пастаянна прыносяць кавалкі бурштыну, якія спэцыяльна апрацоўваюцца. Вернікі таксама дзеляцца срэбрам і золатам, патрэбнымі для абрамленьня бурштынавых элемэнтаў.

«Я, як пробашч, ня мушу спэцыяльна нікога прасіць і заахвочваць. У мяне складваецца ўражаньне, што людзі самыя адчуваюць патрэбу, каб настолькі ўнікальны для ўсяго сьвету алтар узьнік у нашым горадзе. Я не ўяўляю сабе, каб у сталіцы бурштыну не было такога аб’екту», – адзначае ксёндз Людвік Кавальскі.

ав/gdansk.gosc.pl/здымкі і відэа: brygida.gdansk.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт