Logo Polskiego Radia
Print

Кожны шосты пажылы чалавек - ахвяра насільля

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.07.2017 15:14
Дасьледчыкі сабралі дадзеныя з 28 краін і выявілі, што 16% людзей старэйшых за 60 гадоў церпяць ад зьдзекаў.
фото: pixabay.com/domena publiczna

Кожны шосты пажылы чалавек у сьвеце зьяўляецца ахвярай насільля й зьняважлівых адносінаў, – бʼе трывогу Сусьветная арганізацыя аховы здароўя.

«Гвалт у Польшчы ў адносінах да старых людзей бязьмежны. Узровень апекі над пажылымі людзьмі знаходзіцца на жахлівым узроўні. Не існуе дамоў апекі, дзе старыя людзі жылі б у добрых умовах і дзе да іх ставіліся б па-людзку. Не хапае месцаў у бальніцах, дзе пажылы чалавек мог бы атрымаць прафэсійную дапамогу», – адзначае прафэсар Анджэй Арашкевіч, вядомы псыхіятар і сябра Нацыянальнай рады пажылых людзей у Польшчы.

Аднак гвалт у дачыненьні да старых людзей зьяўляецца глябальнай праблемай, – паведамляе СААЗ. Дасьледчыкі сабралі дадзеныя з 28 краін і нечакана для сябе выявілі, што 16% людзей старэйшых за 60 гадоў церпяць ад насільля. Пераважна гэта псыхічнае насільле (11,6%), фінансавая эксплюатацыя (6,8%), нядбайнае стаўленьне (4,2%), фізычныя зьдзекі (2,6%) і, урэшце, сэксуальны гвалт (0,9%).

Паводле Польскай Акадэміі Навук, у Польшчы найчасьцей пажылых людзей разнастайнымі спосабамі ізалююць ад сьвету. Акрамя гэтага, іх штурхаюць, абражаюць, забіраюць у іх грошы, прымушаюць пісаць завяшчаньні, пагражаюць.

Чаму старыя людзі не шукаюць дапамогі й не расказваюць пра насільле з боку родных? Таму што саромеюцца, што так дрэнна выхавалі сваіх дзяцей, – тлумачыць 80-гадовая пані Аліна, былая настаўніца, якую сын не раз зьбіваў «за дурноту».

Newsweek/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт