Logo Polskiego Radia
Print

Радыеактыўная батарэйка будзе працаваць 50 гадоў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.06.2017 16:45
Пакуль кошт экспэрымэнтальнага ўзору складае тысячы даляраў.
Photo: Pixabay.com/CC0

На кірмашы Атомэкспа-2017 у Маскве расейцы паказалі батарэйку, якая будзе працаваць 50 гадоў. Гэта атамная батарэйка. Крыніцай энэргіі ў ёй зьяўляецца радыеактыўны ізатоп нікелю «нікель-63».

Павал Зайцаў, гендырэктар «НИИ НПО Луч» расказаў, што ў батарэйкі напружаньне 2 вольты, моц каля 1 мікравата. Батарэйка разглядаецца ў якасьці крыніцы сілкаваньня для мэдыцынскіх кардыястымулятараў.

Фізыкі лічаць гэтае вынаходзтва вялікай справай, бо праблемай сёньняшніх батарэек зьяўляецца іх кароткі час працы. Тым ня менш, распаўсюд можа аказацца праблемным, кажа Богдан Янус, фізык Цэнтра навукі і тэхнікі EC1 Лодзь.

Б.Янус: Тут выкарыстоўваецца радыеактыўны ізатоп. Строгія атамныя правілы не дазволяць выкарыстоўваць гэтыя батарэйкі ў многіх краінах у сьвеце. Акрамя гэтага, ці людзі схочуць насіць з сабой радыеактыўны ізатоп? Я думаю, што гэтая батарэйка вельмі добра забясьпечана, каб ніякае выпраменьваньне не выходзіла з яе. Тым ня менш, мяркую, што псыхалягічны бар’ер будзе вельмі вялікі.

Кошт батарэйкі досыць высокі. "Калі казаць пра грам Ni-63, гэта каля чатырох тысяч даляраў, кошт кожнага алмазнага элемэнта вагаецца ад дзесяці да ста тысяч рублёў. Гэта кошт экспэрымэнтальнага ўзору. Пра кошт сэрыйнага ўзору пакуль казаць рана",- зазначыў Павал Зайцаў, прадстаўнік фірмы, якая стварыла батарэйку.

Паколькі батарэйка вельмі дарагая, яна магла б выкарыстоўвацца ў сэктарах, дзе не надта ўзважваюць кошты, – кажа фізык Яцэк Блоняж-Лучак з Цэнтра навукі Капэрнік.

Яцэк Блоняж-Лучак: Гэта касьмічная тэхніка, армія й іншыя сытуацыі, калі доступ да прылады вельмі складаны, або немагчымы, напрыклад, вельмі важны для навігацыі буй на акіяне. Для масавага выкарыстаньня кошт, бясспрэчна, на першым месцы. На Зямлі вельмі мала радыеактыўных элемэнтаў і цяжка сабе ўявіць, што павінна здарыцца, каб іх кошт зьменшыўся.

А пакуль, патэнцыйныя карыстальнікі выказваюць сумневы, ці радыеактыўная батарэйка, якая будзе працаваць 50 гадоў, бясьпечная для чалавека і для навакольнага асяродзьдзя.

ПР3/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт