Logo Polskiego Radia
Print

Трэці Рэйх плянаваў выгнаць габрэяў на Мадагаскар

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.06.2017 07:09
  • Трэці Рэйх плянаваў выгнаць габрэяў на Мдагаскар.mp3
3 чэрвеня 1940 г. у фашысцкай Нямеччыне быў агучаны «Мадагаскарскі плян».
pixabay.com

Кіраўнік дэпартамэнту па справах габрэяў у Міністэрстве замежных справаў Франц Радэмахер прадставіў дакладную запіску, якая датычыла рашэньня габрэйскага пытаньня. І гэта быў «Мадагаскарскі плян». Радэмахер пісаў, што габрэі Эўропы павінны быць высланы з кантынэнта. Тым ня менш, пляны зьвязаныя з фарміраваньнем габрэйскай дзяржавы ў Палестыне аспрэчваліся.

У гэты ж пэрыяд Нямеччына вяла пасьпяховыя вайсковыя дзеяньні ў Францыі. Адной з умоваў заключэньня мірнага дагавору была перадача выспы Мадагаскар Трэцяму Рэйху. Радэмахер запрапанаваў Мадагаскар як месца для дэпартацыі габрэяў.

Трэба зазначыць, што нацысты не былі першымі, хто прапанаваў разнастайныя месцы новага жыхарства для габрэяў.

Такія пляны існавалі на працягу ўсяго ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзя. Так, немец Пауль Лагард напрыканцы ХІХ стагодзьдзя пісаў пра неабходнасьць высылкі габрэяў на Блізкі Ўсход, альбо на Мадагаскар. Сябры габрэйскага «Сіянісцкага руху» ў 1904-1905 гадах абмяркоўвалі магчымасьць перасяленьня габрэяў (галоўным чынам тых, хто ўцякаў з Расейскай Імпэрыі) ў брытанскай Угандзе (сёньняшняя Кэнія).

Грэх антысэмітызму зьдзейсьнілі таксама англічане і палякі.

Пра Мадагаскар як магчымае месца жыхарства для габрэяў разважалі ангельскія антысэміты Хэнты Бэміш і Арнольд Лііс.У 1937 годзе ў паразуменьні з францускім урадам магчымасьць высылкі габрэяў з краю разглядалі й польскія ўлады. На выспу нават была скіравана адмысловая камісія на чале з Мечыславам Лепецкім, якая зрабіла заключэньне, што на выспу можна выслаць ад 5 да 7 тысячаў сем’яў, гэта каля 30 тысячаў чалавек. Гэты плян быў раскрытыкаваны.

Плян Радэмахера пачаткова знайшоў падтрымку ў вышэйшага кіраўніцтва нацысткай Нямеччыне.

Гітлер абмяркоўваў яго з Мусаліні, а ў Варшаве нават спынілі будаўніцтва гета. Гітлераўцы зьвязвалі рэалізацыю пляна з перамогай над Вялікабрытаніяй, каб выкарыстаць іх гандлёвы флёт для хуткай і масавай дэпартацыі габрэяў. Аднак, параза ў барацьбе за Англію спрычынілася да таго, што на пачатку ідэю адклалі, а пазьней увогуле спынілі разважаньні на конт «Мадагаскарскага пляну».

Фашысты зьмянілі свае пляны адносна габрэяў.

Пад канец 1940 году, зьявіўся новы «Генэральны плян «Усход», згодна зь якім габрэі павінны былі быць дэпартаваныя на тэрыторыю СССР (пасьля захопу апошняга), галоўным чынам у Сібір на работы. Але калі нямецкае наступленьне было спынена пад Масквой у 1941 годзе, было вырашана неадкладна распачаць ліквідацыю габрэяў на тэрыторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт