У бліжэйшую суботу на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве адбудзецца Навуковы пікнік Польскага радыё й Цэнтра навукі «Капэрнік». Тэмай сёлетняга мерапрыемства зьяўляецца «Наша Плянэта Зямля».
Навуковы пікнік – гэта найбуйнейшая ў Эўропе імрэза пад адкрытым небам, якая папулярызуе навуковыя веды.
«Наведвальнікі пікніка змогуць паглядзець на Зямлю з розных ракурсаў», кажа кіраўнік Цэнтра навукі «Капэрнік» Катажына Навіцка.
К.Навіцка: У першую чаргу мы на яе паглядзім як на незвычайную плянэту ў нашай Сонечнай сыстэме, на якой паўстала жыцьцё і якая зьяўляецца нашым домам.
Пра Зямлю раскажуць 200 установаў з Польшчы і замежжа. Адбудзецца больш за 1 тысячу паказаў. Удзельнікі будуць ня толькі слухаць, але змогуць адчуваць сябе дасьледчыкамі і самі праводзіць экспэрымэнты ды правяраць розныя тэорыі.
Студэнты Варшаўскага палітэхнічанага ўнівэрсытэта падрыхтавалі электрычны картынг, гоначны аўтамабіль, прататып марсахода, мадэлі робатаў і спадарожнікаў. Студэнты пакажуць таксама мадэль дома. Яны раскажуць і пакажуць наведвальнікам як працуе мэханічная вэнтыляцыя, падагрэў падлогі і радыятары.
Наведвальнікі пікніка змогуць таксама паназіраць за працай журналістаў Польскага
радыё. Дарота Трушчак, журналістка 1 Праграмы, зазначае, што кожны канал радыё падрыхтаваў свае цікавыя прапановы.
Д.Трушчак: 1 Праграма падрыхтавала сустрэчу з байцамі дзюдо. Зь імі можна будзе пабароцца. Будзе магчымасьць паспрабаваць папрацаваць шахцёрам, акторам.
Слухачы атрымаюць магчымасьць пагутарыць са сваімі ўлюбёнымі журналістамі і прыняць удзел у журналісцкіх курсах для дзяцей.
У мерапрыемстве прымаюць удзел унівэрсытэты, інстытуты Польскай акадэміі навук, музэі, навуковыя колы й няўрадавыя арганізацыі.
Навуковы пікнік у суботу на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве. Уваход вольны.
яс
Эфірны выпуск перадачы ў далучаным файле