Logo Polskiego Radia
Print

Tankuj24 - першае прыкладаньне ў Эўропе з танным палівам

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.05.2017 18:08
  • tankuj25.mp3
Каб таньней запраўляцца хопіць спампаваць на смартфон праграму.
Robert Couse-Baker/flickr.com

У сераду 17 траўня ў ходзе XXIV Міжнароднага кірмашу “АЗС” ў Варшаве фірма Unimot афіцыйна запусьціла прыкладаньне Tankuj24 (Запраўляйся24). Гэта першае ў Эўропе гэтага тыпу прыкладаньне, распрацаванае палякамі, з дапамогай якога кліенты змогуць купіць больш таннае паліва, чым у традыцыйным продажу. Прыкладаньне даступна для спампоўваньня на смартфоны й планшэты з сыстэмамі App Store і Google Play.

Для пакупкі паліва праз інтэрнэт трэба выканаць тры простыя крокі. Кіроўца выбірае на мапе АЗС, якая супрацоўнічае з Tankuj24, затым рэзэрвуе пэўную колькасьць паліва, і плаціць за яго мабільным пераводам. Апошні крок: на станцыю трэба заехаць на працягу 24 гадзін пасьля браніраваньня й заправіць машыну.

“Карыстальнікі прыкладаньня змогуць рэзэрваваць патрэбную колькасьць паліва й атрымліваць яго ў той момант, які для іх найбольш зручны. Кошт паліва заўсёды будзе ніжэйшы ў параўнаньні з рэгулярнай цаной, таму што нашая кампанія дамовілася пра гэта з сеткай АЗС. Гэта першы падобны праект у Эўропе й адзін зь першых у сьвеце”, - падкрэсьлівае генэральны дырэктар Unimot Робэрт Бжазоўскі.

Але гэта не адзіная карысьць для карыстальнікаў Tankuj24. Акрамя ашчаджаньня грошай, прыкладаньне дазваляе параўнаць цэны на запраўках і дае магчымасьць кіроўцу атрымаць адзін агульны рахунак-фактуру за ўсе запраўкі, зьдзейсьненыя цягам месяца.

Да праекту Tankuj24 ужо далучыліся АЗС у некалькіх гарадах, у тым ліку ў Чэнстахове, Гожаве Велькапольскім, Кракаве, Ломжы, Шчэціне, Гдыні, Гданьску, Сопаце. Пры гэтым з кожным днём колькасьць АЗС, якія ўдзельнічаюць у праграме, павялічваецца.

Фірма Unimot лічыць, што прыкладаньне Tankuj24 мае міжнародны патэнцыял, і вядзе распрацоўку праграмы на англійскай мове Refuel24, якую маглі б выкарыстоўваць кіроўцы ва ўсёй Эўропе.

Эфірны выпуск перадачы "Навука й тэхніка" ў далучаным файле

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт