22 красавіка 1919 году Юзэф Пілсудзкі выдаў адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага.
На працягу першай паловы 1919 году горад Вільня і тэрыторыі вакол знаходзіліся пад кантролем розных уладаў. На пачатку нямецкай, потым польскай, бальшавіцкай і зноў польскай. 19 красавіка 1919 году горад быў заняты польскімі войскамі Літоўска-Беларускага фронту Станіслава Шэптыцкага.
Вільня й значная частка сучаснай Летувы лічылася польскімі ўладамі як тэрыторыя Польшчы, што не магло не сустрэць супраціву з боку беларускага й летувіскага насельніцтва. Разам з тым, Юзэф Пілсудзкі быў прыхільнікам утварэньня Польска-Літоўска-Беларускай фэдэрацыі.
Адозва, якую Пілсудзкі скіраваў да жыхароў былога ВКЛ павінна была патлумачыць прычыны захопу гэтых тэрыторыяў польскімі войскамі і злагодзіць рэакцыю.
"Ваш край ужо столькі дзесяткаў гадоў ня ведае свабоды, ганьбёны варожым гвалтам расейскім, нямецкім, бальшавіцкім. Польскае войска, каторае я з сабою прывёў, каб выкінуць гаспадараньне гвалту і сілы, каб спыніць кіраваньне краем проціў волі жыхароў, гэтае войска нясе ўсім Вам свабоду. Хачу Вам даць магчымасьць разьвязаць унутраныя нацыянальныя і рэлігійныя справы гэтак, як самі захочаце, без якога-небудзь гвалту або націску з боку Польшчы".
У адозве казалася пра стварэньне Грамадзянскай адміністрацыі (ураду), які павінен быў арганізаваць свабодныя выбары, арганізаваць пастаўкі неабходнай дапамогі ўсім, каму яна патрэбная.
Адозва была напісаная на польскай і летувіскай мовах, толькі ў жніўні 1919 году яна была надрукавана па беларуску ў газэце «Звон».
Гэтая адозва была з аднаго боку жаданьнем рэалізаваць фэдэралісцкі праект, з іншага, стварыць супольны фронт супраць бальшавіцкіх войскаў. Але гэты праект не атрымаў падтрымкі. Польскае насельніцтва імкнулася да аб’яднаньня з Польшчай, летувіскі ўрад і насельніцтва было заангажаванае ў рэалізацыю свайго ўласнага нацыянальнага праекта. Што тычыцца беларусаў, то тут таксама не было адзінства. Частка беларускіх нацыянальных эліт бачыла будучыню краіны ў саюзе з Польшчай, іншая ў саюзе з Савецкай Расеяй, бо на пачатку 1919 году была ўтворана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, якая потым пераўтварылася ў Літоўска-беларускую ССР, пасьля ізноў у ССРБ. Тэрыторыя Віленскага краю ў хуткім часе пераўтварылася ў дзяржаву «Сярэдняя Літва» і ўвайшла ў 20-х гадах у склад Польшчы.
Павал Усаў