«Справа аб птушках»
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
22.04.2017 16:59
Рэкорды можна біць нават у так спакойнай галіне як назіраньне за птушкамі.
pixabay.com
Назіральнікі спаборнічаюць, між іншым, у колькасьці ўбачаных відаў птушак. У Польшчы вельмі добрым вынікам лічыцца 300 відаў у жыцьцёвым сьпісе назіраньня. Аматары птушак гатовыя праехаць цэлую Польшчу для таго, каб хвілінку паглядзець на рэдкую птушку.
У цяперашні час найбольш радыкальная вэрсія спаборніцтва заключаецца ў як мага большай колькасьці ўбачаных крылатых за адзін год.
Абсалютным рэкардсмэнам у гэтай галіне ў сьвеце зьяўляецца 31-гадовы амэрыканец Ноаг Страйкэр (Noah Strycker). За 2015 год ён наведаў 41 краіну і пабываў на ўсіх кантынэнтах. За цэлы год убачыў 6042 гатункі птушак. Дарэчы, ён зьяўляецца навукоўцам, які супрацоўнічае з амэрыканскімі ўнівэрсытэтамі, дасьледчыцкімі інстытутамі і выдавецтвамі.
У Польшчы выйшла кніжка Страйкэра «Справа аб птушках», у якой ён адказвае на шэраг асноўных і дзіўных пытаньняў пра птушак, напрыклад: як птушкі знаходзяць дарогу, чаму не сутыкаюцца, калі ляцяць у групе, што памятаюць, ці сапраўды крылатыя ня надта разумныя жывёлы, або пра чырвоныя лінзы для курэй на прамысловых птушкагадоўлях. Страйкэр не займаецца абаронай правоў птушак, яго больш цікавіць як працуе арганізм птушкі, і, напрыклад, ці яны здольныя займацца мастацтвам.
Polityka/яс