Logo Polskiego Radia
Print

Дзядуля патрабуе кампэнсацыю за каня, якога забралі на вайну

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.04.2017 11:47
Калі б ён атрымаў кампэнсацыю, то раздаў бы ўсё шматдзетным суседзям па вёсцы.
pixabay.com/Public Domain CC0

Тыднёвік «Polityka» у рамках сьвяточных велікодных аповедаў друкуе тэкст пра 90-гадовага Юліана Кулешу, які патрабуе ад польскай дзяржавы выплаты фінансавай кампэнсацыі за каня, які пайшоў на вайну ў 1939 годзе.

Доўга Кулеша зьбіраўся з думкамі, каб пачаць змагацца за кампэнсацыю. І вырашыў гэта рабіць толькі тады, калі да ўлады прыйшла групоўка, якая так прыгожа гаворыць пра патрыятызм і патрыётаў. Бацька Кулешы быў патрыётам, бяз слова супраціву аддаў Каштанку на змаганьне з ворагам. А ён сам думаў, што такая патрыятычная партыя як «Права і справядлівасьць», зразумее пакуты ягонай сям’і пасьля страты каня. А конь быў незвычайны, такі, ад якога з задавальненьнем цмокаў нават сам генэрал. Цяпер каштоўнасьць коней упала, а тады добры конь быў варты столькі, колькі ў нашы часы дарагі нямецкі камбайн.

За каня Кулеша хацеў бы атрымаць 28 тыс. злотых, гэта і так няшмат, беручы пад увагу шматлікія хвалі інфляцыі за гэтыя дзесяткі гадоў. Але ўсе інстанцыі адсылаюць яго да іншых інстанцый або карыстаюцца тактыкай адпісак. Маўляў, згодна дзейнаму яшчэ распараджэньню з 30-ых гадоў, кампэнсацыю за каня або іншы інвэнтар, мабілізаваны на вайну, можна было атрымаць толькі цягам году пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў. А як тут палічыць, калі тыя ваенныя дзеяньні закончыліся, калі сам Кулеша яшчэ доўга пасьля вайны змагаўся з саветамі, якіх лічыў акупантамі.

Па словах Юліана Кулешы, гаворка тут насамрэч не пра грошы, а пра гонар польскай дзяржавы. Калі б ён атрымаў кампэнсацыю, то раздаў бы ўсё шматдзетным суседзям па вёсцы.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт