Logo Polskiego Radia
Print

Плоцк – старадаўняя сталіца Польшчы (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.03.2017 16:52
  • Плоцк – старадаўняя сталіца.mp3
Помнікі архітэктуры Плоцка ўнесеныя ў сьпіс Эўрапейскага шляху цаглянай готыкі.
Photo: Maciek 86 - Praca własna/pl.wikipedia.org/GFDLPhoto: Maciek 86 - Praca własna/pl.wikipedia.org/GFDLPhoto: Maciek 86 - Praca własna/pl.wikipedia.org/GFDL

Плоцк – гэта сярэдніх памераў горад (каля 120 тысяч жыхароў), размешчаны на рацэ Вісла ў цэнтральнай частцы Польшчы. У сувязі з багатай гісторыяй і шматлікімі помнікамі архітэктуры, Плоцк павінен быць абавязковым пунктам экскурсіі па Мазовіі.

Прынята лічыць, што Плоцк быў заснаваны ў сярэднявеччы. Варта аднак адзначыць, што археалягічныя знаходкі (у асноўным на Тумскай гары) паказваюць на існаваньне ў гэтым месцы больш старажытнага паселішча.

Шмат сьведчыць пра тое, што град у Плоцку хутка стаў цэнтрам рэгіёну, пра што, паводле археолягаў, сьведчыць памер паселішча, які ацэньваецца ў 2 гектары. Хутчэй за ўсё, гэта было зьвязана з уваходам рэгіёну ў зону ўплываў дзяржавы Пястаў (960 - 1370 гады).

Самае буйное разьвіцьцё гораду выпадае падчас улады Ўладзіслава Германа (1079-1102 гады), паколькі тут разьмяшчалася яго рэзыдэнцыя. Менавіта таму палачане ганарацца, што іх горад калісьці быў сталіцай Польшчы.

Photo:
Photo: Adolf Kozarski; Jan Styfi - This image is taken from review "Tygodnik Ilustrowany", 1863, nr 179, s. 81/pl.wikipedia.org/Domena publiczna

Горад квітнеў таксама ў часы Казіміра ІІІ Вялікага й князёў Мазовіі Земавіта III і Земавіта IV. Пасьля сьмерці князя Януша ІІ (1526 год) горад стаў часткай Кароны Каралеўства Польскага й пачаў хутка разьвівацца. У сярэдзіне XVI стагодзьдзя ён налічваў каля 600 дамоў і не саступаў суседняй Варшаве. Аднак блізасьць будучай сталіцы, чарговыя пажары, эпідэмія чумы й нашэсьці замежных войскаў прывялі да яго дэградацыі. Нягледзячы на ажыўленьне ў канцы XVIII стагодзьдзя, Плоцк страціў сваё значэньне.

У пэрыядзе прускай улады горад разглядаўся, як кандыдат на будучую сталіцу Новаўсходняй Прусіі, таму акупанты ўвялі ў ім шмат зьменаў і рэалізавалі многія інвэстыцыі.

Палачане актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе за незалежную Польшчу. Падчас паўстаньня 1863 году Плоцк нават прэтэндаваў на званьне магчымай сядзібы новага ўраду. У 1920 годзе ў горадзе праходзілі цяжкія баі з бальшавікамі.
Наступствам гітлераўскай акупацыі Плоцка ў часе Другой сусьветнай вайны былі сур'ёзныя страты сярод мірных жыхароў. Былі забітыя каля 8 тысяч мясцовых габрэяў і каля 3 тысяч палякаў, зьнішчаная гістарычная архітэктура гораду. Плоцк быў вызвалены Чырвонай Арміяй 21 студзеня 1945 году.

Photo:
Photo: Krzysztof Maria Różański- Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 2.5

Верагодна, самой каштоўнай зь мясцовых славутасьцяў зьяўляецца катэдральны сабор, пабудаваны ў 1144 годзе за сродкі біскупа Аляксандра Малёнэ (Aleksander Malonne). Нягледзячы на шматразовыя перабудовы й рэканструкцыі, сьвятыня захавла свой першапачатковы раманскі характар. У Каралеўскай Капліцы знаходзяцца саркафагі двух польскіх каралёў - Уладзіслава Германа й Балеслава ІІІ Крывавуснага. Тут былі пахаваныя таксама многія іншыя князі дынастыі Пястаў. У касьцёле знаходзіцца таксама копія знакамітых раманскіх „Плоцкіх дзьвераў” з бронзы, выкананых для плоцкага сабора хутчэй за ўсё ў 1154 годзе ў Магдэбургу, а таксама цудатворная фігура Маці Божай Мазавецкай з XVII стагодзьдзя.

Photo:
Photo: Krzysztof Lisocki - Praca własna/pl.wikipedia.org

Маляўнічым сымбалем Плоцка зьяўляецца замак князя з XIV стагодзьдзя, перабудаваны ў XVI стагодзьдзі ў бэнэдыктынскае абацтва. Цяпер у былым у комплексе разьмяшчаецца Дыяцэзіяльны музэй, у якім можна паглядзець калекцыю карцін, скульптур і рамёстваў.

На вуліцы Тумскай (Tumska) знаходзіцца Мазавецкі музэй – адна з найстарэйшых музэйных установаў у Польшчы, у якой можна палюбавацца багатай калекцыяй вобразаў у стылі мадэрн.

Photo:
Photo: Maciek 86 - Praca własna/pl.wikipedia.org/GFDL

Мясцовы Санктуарый Божай Міласэрнасьці зьяўляецца мэтай рэлігійных паломніцтваў. Тут сьвятая сястра Фаўстына Кавальска (Faustyna Kowalska) мела першае аб’яўленьне іконы Езуса Міласэрнага. Тут у 100-годзьдзе з дня нараджэньня сьвятой быў адкрыты музэй ейнага імя.

У сваю чаргу на вуліцы Малахоўскага (Małachowskа) – знаходзіцца найстарэйшая сярэдняй школа ў Польшчы, заснаваная ў 1180 годзе.

Photo:
Photo: Damgad - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Варта ўспомніць, што помнікі Плоцка ўнесеныя ў сьпіс Эўрапейскага шляху цаглянай готыкі.

Адной з сучасных прываблівасьцяў Плоцка зьяўляецца заалягічны парк, маляўніча размешчаны на адхоне Віслы. У ім можна паглядзець амаль 4 тысячы жывёл 320 відаў. Заапарк ганарыцца акварыюмамі з марской і прэснай вадой і самай вялікай калекцыяй паўзуноў у Польшчы.

Варта адзначыць, што ў Плоцку знаходзіцца найбуйнейшы вантавы мост у Польшчы.

Photo:
Photo: Rommullus - Praca własna/pl.wikipedia.org/GFDL

А самымі прыгожымі сучаснымі архітэктурнымі аб’ектамі горада зьяўляюцца мясцовы амфітэатар і пірс даўжынёй у 358 мэтраў.

Photo:
Photo: Rommullus - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

pl.wikipedia.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт