Сапраўдная дэпрэсія - гэта не хандра і не смутак 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Natalia  Szymkowiak
                        
                        23.02.2017 15:33
                    
                                 
                
                
                    Існуе стэрэатып, што псыхічнахворыя могуць быць небясьпечнымі для атачэньня.
                
                
                    
                        
pixabay.com/Public Domain CC0
                     
                
                
                
               
                
                         23 лютага ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень барацьбы з дэпрэсіяй. Пры нагодзе ў выданьні «Tygodnik Powszechny» вялікі артыкул аб гэтай хваробе. Агулам у Польшчы назіраецца вельмі адмоўнае стаўленьне да псыхічна хворых – іх баяцца, ізалююць, палітыкі часта раяць сваім апанэнтам «ісьці да псыхіятра», што зьяўляецца адной з горшых зьняваг.
У сваю чаргу на сьвеце многія палітыкі прызнаюцца ў сваіх псыхічных праблемах, напрыклад, на дэпрэсію хварэў Уінстан Чэрчыль. У Польшчы толькі сярод артыстаў хвароба перастала быць табу, у некаторых колах нават модна мець дэпрэсію. Тым ня менш, звычайныя людзі баяцца прызнацца, што яны карыстаюцца дапамогай псыхоляга, а тым больш псыхіятра. Існуе стэрэатып, што псыхічнахворыя могуць быць небясьпечнымі для атачэньня.
Слова «дэпрэсія» стала папулярным, часта ім называюць звычайную хандру, сум. Сапраўдная дэпрэсія – гэта не сум, а цэлы комплекс сымптомаў, які, акрамя суму, азначае адсутнасьць радасьці жыцьця, страту зацікаўленьня чым-колечы і пачуцьцё безнадзейнасьці, страх і занепакаеньне. Многія пры дэпрэсіі хутка стамляюцца, ня могуць сканцэнтравацца, страчваюць апэтыт, ня могуць спаць. Без лячэньня дэпрэсія часта даводзіць да самагубства.
Сапраўдная дэпрэсія – гэта сур’ёзная хвароба, якую неабходна лячыць, але некаторыя карыстаюцца ёй, каб атрымаць бюлетэнь у лекара і крыху адпачыць ад працы. Гэта не мяняе факту, што вялікі працэнт хворых не атрымлівае адпаведнай дапамогі. Па-першае, хворым не заўсёды хапае энэргіі, каб пайсьці да лекара, а па-другое, не заўсёды іх лечаць так, як трэба. Дасьледаваньні, праведзеныя ангельскімі псыхіятрамі, паказалі, што ў краінах з нізкім або сярэдне нізкім узроўнем даходаў правільна лечаць толькі 4% хворых на дэпрэсію. У багатых дзяржавах – менш за палову хворых.
Tygodnik Powszechny/нг