Logo Polskiego Radia
Print

Смог – гэта ня жарты!

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.01.2017 15:20
Наступствы смогу могуць паявіцца нават пасьля таго, як сытуацыя вернецца да нормы.
Photo: PAP/Jacek Turczyk

Над Польшчай ужо некалькі дзён утрымліваецца смог. З-за рашуча перавышаных нормаў забруджаньня паветра ў горадзе Рыбнік (Rybnik) на поўдні Польшчы былі адмененыя заняткі ў школах. У Кракаве й Варшаве ўведзены бясплатны гарадзкі транспарт. Лекары перасьцерагаюць: „Заставайцеся дома!”, - паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Найбольш трагічная сытуацыя назіраецца на поўдні Польшчы. Большасьць гмінных уладаў у Сылезіі і ў Малапольшчы даручае школам і дзетсадзікам не выводзіць дзяцей на прагулкі. Тое ж самае раяць лекары. Яны перасьцерагаюць, што наступствы смогу будзем яшчэ доўга адчуваць.

„Нават празь некалькі тыдняў можа фіксавацца рост сьмяротных зыходаў з-за сардэчна-судзінкавых захворваньняў”, - кажа прафэсар Анджэй Лексан (Andrzej Lekson) з Сылескага цэнтру хваробаў сэрца ў Забжы (Zabrze).

У сваю чаргу алерголяг з Кракава Эва Чарнабільска (Ewa Czarnobilska) толькі ў панядзелак прыняла на 50% больш пацыентаў, чым звычайна.

„Апрача плянаваных раней, прыйшло таксама шмат пацыентаў, якім лекі перасталі дапамагаць і ў якіх адбылося абвастрэньне хваробаў. Я ня маю ніякіх сумневаў, што гэта віна смогу”, - кажа алерголяг.

У цэнтральнай, паўднёвай і ўсходняй Польшчы смог будзе ўтрымлівацца да серады. На поўначы й захадзе краіны ўзровень забруджаньня паветра ўжо паступова зьніжаецца.

„Мы заклікаем абмежаваць прабываньне на адкрытым паветры й правяраць заявы наконт узроўню забруджаньня”, - кажа ў размове з выданьнем „Gazeta Wyborcza”, Барбара Точка (Barbara Toczko) з Галоўнага інспэктарату аховы навакольнага асяродзьдзя.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт