Logo Polskiego Radia
Print

Швэцыя: канец экспэрымэнту з карацейшым працоўным днём

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.01.2017 14:18
Прычына вельмі простая - занадта высокі кошт такога рэжыму працы.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Двухгадовы экспэрымэнт з 6-гадзінным працоўным днём, які праводзіўся ў швэдзкім Гётэборгу, заканчваецца. Яго вынікі не пакідаюць ніякіх ілюзій, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

На працягу двух гадоў у рамках экспэрымэнту 68 супрацоўнікаў дому для пажылых людзей працавалі па 6 замест 8 гадзінаў у дзень, дарэчы, за стаўку традыцыйнага 8-гадзіннага працоўнага дня. Аказалася, што нягледзячы на некаторыя станоўчыя аспэкты, экспэрымэнт прычыняецца да надта высокіх коштаў.

Якія перавагі карацейшага працоўнага дня паказаў экспэрымэнт? Аказалася, што супрацоўнікі, якія працавалі карацей, адчувалі сябе лепш, былі больш задаволеныя жыцьцём, бралі менш бальнічных і лепш выконвалі свае службовыя абавязкі. Нягледзячы на гэта, гарадзкія ўлады ня вырашылі ўвесьці 6-гадзінны працоўны дзень на пастаяннай аснове.

Прычына аказалася вельмі простая - занадта высокі кошт такога рэжыму працы. Аказваецца, што дзеля кампэнсацыі скарочанага працоўнага часу ўлады былі прымушаныя працаўладкаваць дадатковых 17 супрацоўнікаў, якія за два гады праекту каштавалі 12 мільёнаў кронаў (каля 1,3 млн даляраў ).

„Гэта занадта дарагое рашэньне, каб рэалізаваць яго ў буйнейшым маштабе”, - тлумачыць Даніэль Бэрнмар, прадстаўнік мясцовых уладаў у Гётэборгу.

Экспэрымэнт у Гётэборгу павінен быў праверыць вынікі скарачэньня працоўнага часу. Паводле статыстычных дадзеных, працягласьць працоўнага дня ў Швэцыі няўхільна скарачаецца, але на дадзены момант няма ніякіх плянаў па ўвядзеньні шасьцігадзіннага дня працы на нацыянальным узроўні, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт