Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрымэнт: у падлеткаў на тры дні забралі інтэрнэт

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.11.2016 15:04
  • 29.11.mp3
У дзяцей паявілася так шмат свабоднага часу, што яны проста ня ведалі, што з сабой зрабіць.
Photo: pixabay.com

Пакаленьне сёньняшніх 40, – 50-гадовых людзей выхоўвалася ў зусім іншых умовах, чым сёньняшнія падлеткі. Гаворка ідзе не пра ўзровень матэрыяльнага забесьпячэньня, які і калісьці, і цяпер бывае розны. Справа ў доступе сёньняшніх дзяцей да сусьветнага сеціва, інтэрнэту, якога калісьці проста не было.

Цяпер падлеткі практычна цэлымі днямі, а часта і начамі прыклееныя да сваіх мабільнікаў, пляншэтаў, кампутараў. Ці ёсьць яшчэ магчымасьць час ад часу вырваць іх з гэтага віртуальнага сьвету, каб сустрэць з бацькамі, для якіх пастаянны доступ да сеціва не такі важны? Каля паловы падлеткаў трымае тэлефон пры сабе пастаянна, нават ноччу. 15% прыходзіць у школу, ня выспаўшыся, паколькі яны ня могуць позьнім вечарам адарвацца ад экрану. Прыкладна 60% падлеткаў прызнаецца, што ім здараецца не зрабіць дамашняга заданьня з-за інтэрнэту, а каля адной чацьвёртай кажа, што яны прынамсі раз у дзень робяць здымкі і ставяць іх у сеціва. У Гдыні вырашылі праверыць, як стануць паводзіць сябе падлеткі, калі ў іх адабраць доступ да сеціва. Фундацыя «Dbam o zasięg» (Я клапачуся пра дыяпазон) правяла адпаведны экспэрымэнт разам з сацыёлягамі з Гданьскага ўнівэрсытэту. Ён заключаўся ў тым, што падлеткі на поўныя трое сутак добраахвотна адмаўляліся ад карыстаньня ўсімі прыладамі, якія дазваляюць спалучыцца з інтэрнэтам. Падрабязнасьці падае арганізатар акцыі сацыёляг Мацей Дэмбскі.

М. Дэмбскі: У экспэрымэнце ўдзельнічала 102 асобы ў Гдыні. Паявілася вельмі многа нуды. Аказалася, што ў дзяцей паявілася так шмат свабоднага часу, што дзеці проста ня ведалі, што з сабой зрабіць. Аўтары ідэі думалі, што некаторыя ўдзельнікі ня вытрымаюць, але аказалася, што ўсе вытрымалі гэтыя тры дні. Аказалася таксама, што бацькі і дзеці за гэты час наладзілі больш блізкія адносіны. А па-другое, дзеці высыпаліся.

Ёсьць яшчэ адна вельмі важная рэч, якую зразумелі падчас экспэрымэнту яго ўдзельнікі – як моцна можа перашкаджаць іншым тое, што падлеткі практычна ўвесь час ня могуць адарвацца ад сеціва.

М. Дэмбскі: Дзеці падчас экспэрымэнту ўпершыню ўбачылі, на колькі часта іншыя карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі, і як гэта можа перашкаджаць у кантактах з імі. Дзеці хадзілі ў школу, але не маглі карыстацца тэлефонамі. І калі яны хацелі паразмаўляць з калегамі, то аказвалася, што тыя ня маюць часу, бо сядзяць у сеціве. Падлеткі зразумелі тое, што для нас элемэнтарнае – як гэта жыць без інтэрнэту.

Тры дні – гэта, канешне, надта мала часу, каб такі экспэрымэнт аказаў моцны і трывалы ўплыў на жыцьцё дадзеных падлеткаў. Тым ня менш, ён дазволіў ім задумацца над сваім жыцьцём і паводзінамі, над тым, каб усё ж такі пастарацца хаця б крыху абмежаваць час карыстаньня інтэрнэтам, асабліва калі ён пачынае небясьпечна ўцягваць іх у сваё сеціва. А некаторыя нават падоўжылі экспэрымэнт.

М. Дэмбскі: Некаторыя дзеці самі добраахвотна працягнулі экспэрымэнт на адзін, два дні, і былі гэтым вельмі задаволеныя. Іншыя, наадварот, лічылі гадзіны і хвіліны да канца гэтага своеасаблівага посту – жыцьця без інтэрнэту. І калі яны ў канцы канцоў дарваліся да свайго тэлефону, то не маглі ад яго адарвацца.

Якая галоўная выснова, якую можна зрабіць з дадзенага экспэрымэнту?

М. Дэмбскі: Нельга сказаць, што гэта аповед пра дзяцей, якія трапілі ў залежнасьць ад інтэрнэту. Гэта аповед пра адносіны дзяцей з бацькамі, а часта адсутнасьць гэтых адносін. Акрамя таго, мы зрабілі такую выснову, што часта самі бацькі пасрэдна прымушаюць дзяцей карыстацца тэлефонамі. Дзеці нават казалі нам, што яны ахвотна нават пакінулі б мабільнік дома, але мама не дазваляе, патрабуе, каб дзіця заўсёды адказвала на званкі і СМС-паведамленьні. Чарговая выснова: калі ў дзіцяці ёсьць нейкае зацікаўленьне, то яму лягчэй адарвацца ад інтэрнэту. Падлеткі, якія займаюцца спортам, удзельнічаюць у валянцёрскай дзейнасьці, без ніякіх праблем прайшлі праз гэты экспэрымэнт. Так што варта рабіць такую свайго роду лічбавую дэтаксыкацыю разам з бацькамі.

Нагадаем, у экспэрымэнце, падчас якога падлеткі цягам трох дзён не карысталіся інтэрнэтам, прыняла ўдзел 102 школьнікаў з Гдыні ва ўзросьце 12-18 гадоў. Дзеці маглі толькі слухаць радыё, але не праз інтэрнэт, а па радыёпрымачу. А пра акцыю распавёў сацыёляг Мацей Дэмбскі.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт