У вышэйшай частцы гораў Татры, на схіле, які называюць Віктароўкі (Wiktorówki), разьмяшчаецца незвычайная будоўля. Гаворка ідзе пра Санктуарый Маці Божай Каралевы Татраў або Маці Божай Яважынскай (Jaworzyńskiej). Сьвятыня знаходзіцца ў Высокіх Татрах на тэрыторыі Татранскага нацыянальнага парку ў непасрэднай блізкасьці зь вядомай сярод аматараў горных вандровак Русіновай паляны (Rusinowa Polana).
Непасрэдна каля самога храму праходзіць адзін з турыстычных шляхоў Татранскага нацыянальнага парку, гэтак званы Сіні шлях. У комплексе будынкаў санктуарыя разьмяшчаецца таксама пляцоўка Татранскай горнай выратавальнай службы (TOPR).
Узьнікненьне санктуарыя зьвязанае з горкай (мясцовай жыхаркай) Марысяй Мужаньскай (Marysia Murzańska) – пастыркай з Русіновай паляны. Паводле 80-гадовага Войцеха Лукашчыка (Wojciech Łukaszczyk), якога аповед запісаў ксёндз Шыман Касакевіч (Szymon Kossakiewicz), у 1860 годзе 14-гадовая пастырка згубіла недзе сваіх авечак (паводле адной з вэрсіяў, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра кароў, якіх тады пасьвілі жанчыны - выпасам авечак займаліся мужчыны).
Дзяўчынка шукала згубленай жывёлы ў вячэрнім тумане й раптам заўважыла сярод галінаў аднаго з дрэваў незвычайную постаць. Зьява назвала сябе Прыгожай Паняй і Сьвятлістай Паняй і абяцала дапамагчы пастушцы шукаць страчаных авечак. Узамен за дапамогу Пані загадала дзяўчынцы зрабіць тры рэчы. Па-першае, яна павінна была неадкладна пакінуць Русіновую паляну, паколькі, паводле зьявы, пагражала ёй там духоўная небясьпека. Два астатнія загады Сьвятлістай Пані зводзіліся да таго, што дзяўчынка павінна была напамінаць людзям, каб яны не грашылі й пакаяліся.
Марыся сапраўды хутка знайшла сваіх авечак, а пра ўсю падзею расказала пастыру, які пазначыў цудоўнае дрэва папяровым вобразкам. Пазьней пра ўсё ён далажыў, між іншым, мясцоваму сьвятару. Паводле сьведкаў, гнілы ствол гэтага цудоўнага дрэва існаваў на Віктароўках яшчэ ў 50-я гады XX стагодзьдзя.
Photo:Zadrożna Anna/Redakcja Białoruska
Аднак месца незвычайнай сустрэчы не адразу стала мэтай паломніцтваў. На працягу першых дзесяцігодзьдзяў перад зьмешчаным на дрэве вобразкам маліліся ў асноўным мясцовыя пастыры авечак і лесарубы. З часам папяровы малюнак, які на елцы павесіў Войцех Лукашчык, быў заменены намаляваным на шкле вобразам, а затым у гэтым месцы была пабудаваная невялікая каплічка. У каплічцы была зьмешчаная драўляная фігурка, якую сёньня можна пабачыць у алтары сьвятыні.
Дарэчы, фігурка Маці Божай мае значна цямнейшую правую руку. Гэта вынік пажару, які ў 1902 годзе зьнішчыў капліцу, якая тады выглядам нагадвала хаціну пастыра.
Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska
Гісторыя паломніцтваў да Маці Божай на Віктароўках пачынаецца ў 1910 годзе. Верагодна, першыя пілігрымкі былі зьвязаныя з просьбамі аб добрым надвор'і. У ліпені 1932 году ксёндз Блажэй Лацяк (Błazej Łaciak) зь непадалёкай вёскі Букавіна Татранская (Bukowina Tatrzańska), адслужыў набажэнства ў капліцы, якую ў 1921 годзе пабудаваў горац Енджэй Будза-Внэнка (Jędrzej Budza-Wnęka). Па намове сьвятара парафіяне пачалі разбудову капліцы, якая аднак была зьнішчаная падчас сьнежнай буры.
У 1936 годзе новы пробашч парафіі ў Букавіне Татранскай Станіслаў Фокс (Stanisław Fox) ініцыяваў адбудову сьвятыні. Касьцёлак быў асьвечаны 4 кастрычніка 1936 году.
Падчас Другой сусьветнай вайны фігура Панны Марыі была перанесена ў Букавіну, адкуль у ліпені 1945 году вярнулася на Віктароўкі. З 1956 году парафіяне пачалі чарговую разбудову касьцёлка. У 1957 годзе Мітрапалітарная курыя ў Кракаве заснавала на Русіновай паляне турыстычны цэнтар, якім кіравалі сьвятары з Кангрэгацыі марыянаў. У 1959 годзе касьцёлак узялі пад сваю апеку законьнікі з ордэна дамініканцаў.
У 1975 году кардынал Караль Вайтыла далучыў касьцёлак да парафіі ў вёсцы Малэ Ціхэ (Małe Ciche). У тым жа годзе Папа рымскі Павел VI даў санктуарыю права суцэльнага дараваньня грахоў.
Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska
Далейшае разьвіцьцё капліцы зьязанае з айцом Леанардам Вэнгжынякам (Leonard Węgrzyniak). Дзякуючы яму працягвалася праца па ўпарадкаваньні навакольля сьвятыні, пры якой была таксама заснаваная пляцоўка Татранскай горнай выратавальнай службы.
У санктуарыі на Віктароўках некалькі разоў у год адбываюцца ўрачыстасьці ў гонар Божай Маці. Найбольш вядомыя зь іх адзначаюцца 15 жніўня.
Цяпер Санктуарый Маці Божай Каралевы Татраў - гэта драўляны будынак на гранітным падмурку. Інтэр'ер - гэта адно памяшканьне. Драўляны алтар упрыгожаны характэрнымі для польскага Падгаля народнымі арнамэнтамі. У яго цэнтральнай частцы зьмешчаная фігура Панны Марыі Яважынскай.
Побач з храмам знаходзіцца крыніца, вада якой, маўляў, мае цудатворную сілу.
Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska
Цягам гадоў санктуарый на Віктароўках стаў месцам асаблівага значэньня ня толькі для мясцовых горцаў, але таксама турыстаў, якія наведваюць Татры. У сьвятыні неаднаразова бываў сьвяты Ян Павел ІІ, у часы, калі быў кардыналам.
На скалах вакол капліцы знаходзіцца шмат памятных дошак, прысьвечаных тым, хто трагічна загінуў падчас вандровак па гарах.
аз