У Польшчы - ХІХ-вечная мадэль псыхіятрыі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.10.2016 13:43
Паводле статыстыкі, каля 1,5 млн. палякаў пакутуе ад дэпрэсіі.
pixabay.com/Public Domain CC0
Сёньня адзначаецца Сусьветны дзень псыхічнага здароўя. З гэтае нагоды "Gazeta Wyborcza" піша, што ў польскай сталіцы хворы на дэпрэсію можа цэлыя месяцы чакаць візыту ў спэцыяліста.
У спадарыні Эвы нечакана памёр муж. Ёй у галаву прыходзілі думкі пра самагубства. Лекар выпісаў накіраваньне да псыхіятра. У паліклініцы ёй сказалі, што ёсьць магчымасьць прыйсьці на візыт толькі праз два месцы. Гэта зьдзек – мяркуе жанчына.
Па словах кіраўніка Цэнтру псыхічнага здароўя Марэка Баліцкага, у Польшчы захоўваецца мадэль псыхіятрыі, якая была распрацаваная ў ХІХ стагодзьдзі. Яна базіруецца на паліклініках, дзе існуе чарга, і вялікіх шпіталях. Такая сыстэма выклікае паталёгіі. Напрыклад, шпіталь трымае хворых, паколькі за кожнага з іх атрымлівае грошы. Патрэбныя неадкладныя зьмены.
У Польшчы ў выніку самагубства памірае больш чалавек, чым у дарожна-транспартных здарэньнях! Звыш 6 тыс. чалавек у год вырашаюць закончыць сваё жыцьцё, гэта ў сярэднім 16 чалавек у дзень. Кожны чацьвёрты падлетак можа захварэць на дэпрэсію. А ў сталіцы на візыт у дзіцячага псыхіятра трэба чакаць некалькі месяцаў. Паводле статыстыкі, каля 1,5 млн. палякаў пакутуе ад дэпрэсіі. Усё больш людзей не вытрымлівае хуткага тэмпу жыцьця і працы. А многія баяцца пайсьці да псыхіятра, паколькі ўсё яшчэ існуе стэрэатып, што да лекара ходзяць толькі псыхічна хворыя.