Бабка, дранікі, клёцкі, чорны хлеб, квас – ці думалі вы, што гэтыя прывычныя для кожнага беларуса прадукты могуць быць для замежнікаў сапраўднай экзотыкай і выдатным пачастункам? Пра тое, чым лёгка й смачна можна пачаставаць замежнага госьця, якімі стравамі кожны, нават не адораны кулінарнымі талентамі, беларус можа прадставіць нацыянальную кухню за мяжой, нам раскажа актывістка «Беларускага дому ў Варшаве» Аляксандра Шапялевч. На фэстывалі культураў «Варшаўская мазаіка» з Аляксандрай Шапялевіч размаўляў Аляксандар Папко.
Аляксандра, мы стаім перад беларускім намётам на фэстывалі культураў «Варшаўская мазаіка». Якія беларускія стравы мы можам тут убачыць?
Аляксандра Шапялевіч: Вы можаце ўбачыць і паспрабаваць беларускую бабку (вэгетарыянскую й зь мясам), бутэрброды зь языком, маласольным агурком і хрэнам, пакаштаваць хатні хлебны квас, яешню зь беларускай скваркай, якая смажыцца на беларускай тушонцы. Таксама мы прапануем гасьцям салодкі беларускі зэфір і гуркі зь мёдам.
Як рэагуюць на ваш стол прадстаўнікі іншых культураў? Ці падыходзяць да вас, ці цікавяцца ўвогуле беларускай кухняй?
Аляксандра Шапялевіч: Так, цікавяцца. Бяруць часьцей за ўсё гарэлку й бабку.
Часта, калі мае сябры й знаёмыя выяжджаюць за мяжу, іх просяць прыгатаваць нешта беларускае. Яны адразу бянтэжацца, пачынаюць казаць, што ў нас мала цікавага... Што беларус можа прыгатаваць такога, што можа зьдзівіць замежніка?
Аляксандра Шапялевіч: Ня ведаю, наколькі можна зьдзівіць, але беларус можа зрабіць за мяжой амаль усе стравы, якія датычацца бульбы: дранікі зь мясам і без мяса, бабку і гэтак далей. Мясное блюда таксама можна зрабіць проста – напрыклад, падсмажыць бочак (бэкон). Галоўнае, каб ён ня быў прыпраўлены. Гэта будзе вельмі традыцыйна. Можна зрабіць квашаныя агуркі. Яны не патрабуюць вялікіх намаганьняў і ўменьняў. Трэба проста ведаць рэцэпт. Мы зрабілі бутэрброды з чорным хлебам і языком. Палякі ўвогуле не ядуць язык. Ён тут вельмі танны, на цябе дзіўна глядзяць, калі ты яго купляеш. Але смак у яго вельмі добры.
Як палякі ўспрымаюць беларускую кухню? Гэта для іх экзотыка ці нешта вельмі падобнае да польскай кухні й таму не цікавае?
Аляксандра Шапялевіч: Я бачу вялікую цікавасьць да нашага стала. Некаторы падыходзяць па два-тры разы, бо ім вельмі падабаецца!
Давайце запытаемся саміх замежнікаў, ці цікавая і экзатычная для іх беларуская кухня. Пан Хэнрык з Варшавы быў моцна ўражаны хатнім хлебным квасам.
Хэнрык: Для нас гэта экзатычны напой. У Польшчы няма традыцыі спажываньня хлебнага квасу. Аднак я ведаю, што нашыя суседзі яго любяць. Мне таксам квас вельмі падабаецца.
Грузінцы Марыям вельмі падабаецца такі прывычны нам зэфір. Дарэчы, у Польшчы яго купіць немагчыма.
Марыям: Я паспрабавала розныя стравы беларускай кухні й я сапраўды ўражаная. Калі вы кажаце, што вашая кухня сьціплая – вы абсалютна не маеце рацыі! Асабліва я была ўражаная зэфірам. Я яго вельмі люблю, таму была вельмі радая пакаштаваць яго сёньня!
Беларускія нацыянальныя стравы могуць прыемна зьдзівіць нават украінцаў. Ці ведалі вы, што ва Ўкраіне няма такой стравы як бабка? У гэтым прызнаецца адна з удзельніц фэстывалю Алена.
Алена: У нас у Данбасе беларуская кухня ня вельмі вядомая, бо мы жывем далёка ад вас. Аднак мая цёця паходзіць зь Беларусі. Калі я была маленькай, яна паказвала мне пэўныя рэчы зь беларускай кухні, якія вельмі не падобныя на ўкраінскую. Напрыклад, бабка. Я вельмі даўно яе не спрабавала. Пакаштавала – і адчула сябе як у дзяцінстве20 гадоў таму.
Вернемся да беларускага століку, дзе Аляксандра Шапялевіч частуе гасьцей яешняй на скварках і дранікамі.
Назавіце тры стравы, якія беларус павінен паказаць за мяжой.
Аляксандра Шапялевіч: Дранікі, бабка, гарэлка.
А гарэлку вы таксама рабілі самі?
Аляксандра Шапялевіч: Гэта гарэлка самаробная. Прывезьлі яе нам з Гарадзеншчыны.
Ну што ж, смачна есьці! Будзьма!
Аляксандар Папко
(Найлепш адчуць атмасфэру сьвята вам дапаможа гукавы файл)
Супрацоўнікі "Беларускага дому ў Варшаве": Аляксандра Шапялевіч, Алесь Зарэмбюк, Уладзімер Кобец.