Плястык праляжыць у зямлі тысячу гадоў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
16.09.2016 14:20
Адзіная магчымасьць абмежаваць забруджваньне плястыкам - шматразовасьць выкарыстаньня торбаў.
www.pixabay.com
Рэч, якая стала таварам паўсядзённага карыстаньня ў нашым жыцьці, і пра якую мы рэдка думаем і памятаем. Гаворка ідзе пра плястыкавыя торбы. Аб гэтай маленькай рэчы, якая амаль нічога ня важыць, напісаў цэлы вялікі артыкул сур’ёзны тыднёвік «Polityka».
Тонкія плястыкавыя торбы выкарыстоўваюцца як правіла толькі адзін раз – каб прайсьці з купленымі рэчамі з крамы ў машыну, і данесьці пакупкі дахаты. Пазьней яны выкідваюцца.
Самая вялікая перавага аднаразовай торбы – яе надзейнасьць – стала самай вялікай заганай. Людзі так ахвотна карыстаюцца торбамі менавіта таму, што яны вытрымліваюць масу на многа большую, чым самі важаць, але пры гэтым расклад торбы будзе цягнуцца нават тысячу гадоў.
У Польшчы на аднаго чалавека прыходзіцца ў сярэднім у год 466 аднаразовых плястыкавых пакетаў. Гэта значна больш, чым у іншых краінах Эўропы. Напрыклад, Францыя па ўзору ЗША ўвяла поўную забарону выкарыстаньня аднаразовага плястыку. У сваю чаргу ў Польшчы тоненькія пакецікі даюць у крамах бясплатна.
Поліэтыленавыя торбы сталі самым бачным элемэнтам спажывецкага грамадзтва. Яны засьмечваюць ня толькі паверхню зямлі, але таксама вадаёмы. Некаторыя людзі спрабуюць змагацца з празьмернай колькасьцю торбачак зусім бяздумна – проста іх спальваюць у сваіх печках. Такая бяздумнасьць уплывае ня толькі дрэнна на навакольнае асяродзьдзе, але таксама на здароўе навакольных жыхароў.
Не апраўдалі сябе торбы, якія раскладваюцца. Аказалася, што расклад назіраецца пры тэмпературы 50 градусаў Цэльсія, а вада ў марах і акіянах ніколі так не праграваецца. Адзіная магчымасьць абмежаваць забруджваньне зямлі і вадаёмаў плястыкам – гэта карыстаньне торбамі не адзін раз, а шмат разоў.
Polityka/нг