Конскі лёс
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
16.04.2016 12:54
За спэрму пародзістага арабскага каня трэба заплаціць да 3,5 тысячы эўра.
Photo: pixabay.com
На конях зарабляюць перш за ўсё дзяржаўныя конезаводы, якія дабіліся найбольшага прэстыжу. У Польшчы дзейнічаюць 18 дзяржаўных конезаводаў. Зь імі стараюцца, дарэчы, у некаторых выпадках з посьпехам, канкураваць прыватныя канюшні. Але менавіта доўгая традыцыя дзяржаўных конегадоўляў прычынілася да таго, што коні чыстакроўнай пароды – гэта моцны польскі брэнд, а іх аўкцыёнамі цікавяцца ўсе конегадоўцы ў сьвеце, паведамляе тыднёвік „Wprost”.
Найбольш вядомы аўкцыён арабскіх коней „Pride of Poland”, які арганізоўваецца ў Янаве Падляскім, толькі ў 2015 годзе прынёс даходы ў памеры 4 мільёнаў злотых (каля 1 мільёна эўра). Варта нагадаць пра аўкцыён чыстакроўных верхавых коней, які праходзіць на Варшаўскім іпадроме, аўкцыёнах, арганізаваных паасобнымі дзяржаўнымі конезаводамі, ды аўкцыёнах спартыўных коней. Гэта дае большыя даходы, чым гандаль арабскімі коньмі.
І хоць грошы, якія дае продаж коней, велізарныя, то продаж – гэта не асноўная крыніца ўтрыманьня канюшняў. Як дзяржаўныя, так і прыватныя конегадоўлі перш за ўсё зарабляюць на вытворчасьці малака й вырошчваньні сельскагаспадарчых культур.
Апрача таго, яны прадаюць спэрму сваіх найбольш каштоўных адзінак. На конезаводзе ў Янаве Падляскім за спэрму пародзістага арабскага каня трэба заплаціць да 3,5 тысячы эўра.
Канюшні зарабляюць таксама на турызьме й адпачынку ды на гатэлях для коней. Напрыклад, на дзяржаўным конезаводзе ў Міхалaве за гадавы побыт каня й догляд за ім трэба заплаціць ад 12 тысяч злотых (каля 3 тысяч эўра), чытаем у тыднёвіку „Wprost”.
аз