У краме немагчыма было купіць 100 г. мяса
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
26.02.2016 12:57
Доўгія гады ў Польшчы мяса ў крамах прадавалі толькі на карткі.
pixabay.com/Public Domain CC0
35 гадоў таму ў Польшчы былі ўведзеныя талёны на мяса, якія пратрымаліся да канца Польскай Народнай Рэспублікі – піша «Gazeta Wyborcza». Яшчэ раней, у 1976 годзе, паявіліся талёны на цукар. Спачатку ўлады заявілі пра намер рэзка павысіць цэны прадуктаў харчаваньня. У выніку ў крамах выстройваліся вялізныя чэргі людзей, якія хацелі набыць цукар і іншыя прадукты. Паявіўся дэфіцыт, улады ўвялі талёны. Адначасова ў некалькіх дзесятках варшаўскіх крам можна было купляць цукар па вышэйшай, камэрцыйнай цане.
Прапаганда пераконвала, што гэта часовыя цяжкасьці і што на Захадзе яшчэ горш. «Падзеньне прамысловай вытворчасьці ў Даніі, рэкордная хваля банкруцтваў у Швайцарыі і Бэльгіі, вялізныя даўгі Гішпаніі, беспрацоўе ў Аўстрыі» – крычалі загалоўкі газэт. Аднак эканамічныя цяжкасьці Польшчы ў другой палове 70-ых не былі пераходнымі. Калі ў жніўні 80’ году пачаліся страйкі, адным з патрабаваньняў было ўвядзеньня талёнаў на мяса. Мясныя крамы адпужвалі пустымі крукамі, не магло быць гаворкі аб тым, каб купіць 100 грамаў вяндліны. Восеньню 1980 г. з крам зьнікла практычна ўсё. Калі яшчэ летам на паліцах ляжалі пачкі з пячэньнем і макаронамі, то восеньню застаўся толькі воцат. Камуністычная прапаганда ўсю віну ўсклала на прафсаюз «Салідарнасьць». У такой сытуацыі жыхары прывіталі з палёгкай увядзеньне картак на мяса.
Выданьне нагадвае, што ў гандлі быў тады адзін дзень у тыдзень, калі нельга было прадаваць мяса. Ён быў уведзены з мэтаю абмежаваць продаж мясных прадуктаў. Спачатку гэта быў панядзелак, пазьней серада. Зразумела, не магла такім днём быць посная пятніца, паколькі ўлады змагаліся з рэлігійнасьцю.
Gazeta Wyborcza/нг