„Moody 's” перасьцерагае перад зьніжэньнем рэйтынгаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
16.02.2016 15:44
Рэйтынгавае агенцтва прааналізавала прапанаваны ўладамі закон аб валютных крэдытах.
pixabay.com/Public Domain/CC0
Рэйтынгавае агенцтва „Moody 's” прааналізавала, якія наступствы для банкаўскага сэктара ў Польшчы будзе мець прапанаваны ўладамі закон аб валютным пераводзе іпатэчных крэдытаў з замежнай на польскую валюту. У асноўным гаворка ідзе пра крэдыты ў швэйцарскіх франках.
Агенцтва прагназуе зьніжэньне рэйтынгаў банкаў у Польшчы. Паводле „Moody’s”, аднаразовае зьніжэньне гадавых даходаў фінансавых установаў можа скласьці 36 млрд злотых. Гэта азначае таксама зьніжэньне капіталу банкаўскай сыстэмы на максымальна 27%.
У ацэнцы аналітыкаў, гэта можа давесьці да аслабленьня магчымасьці выдзяленьня банкамі крэдытаў і зьмяншэньня стабільнасьці банкаўскай сыстэмы перад абліччам крызысаў на фінансавых рынках у будучыні.
Нагадаем, у палове студзеня Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы прэзэнтавала законапраект аб валютных крэдытах, які бярэ пад увагу тры мэханізмы іх рэструктурызацыі.
Першы мэханізм - гэта добраахвотная рэструктурызацыя. Другі – прымусовая рэструктурызацыя, падчас якой будзе вызначаны справядлівы курс пераводу запазычанасьці на польскую валюту. Ён павінен вызначацца індывідуальным чынам.
Апошні мэханізм прадугледжвае перадачу ўласнасьці запазычанай нерухомасьці крэдытору й аўтаматычнае вызваленьне кліента ад фінансавых абавязацельстваў у дачыненьні да яго.
Некалькі дзён таму Нацбанк Польшчы ацаніў, што рэструктурызацыя крэдытаў нэгатыўна адаб’ецца на ўстойлівасьці банкаўскага сэктара ў Польшчы. Прамы кошт рэструктурызацыі можа скласьці нават 44 млрд злотых.
Прычына, па якой кліенты банкаў выбіралі крэдыты ў швэйцарскіх франках, была простая: з-за нізкіх і стабільных працэнтных ставак у Швэйцарыі працэнтная стаўка крэдыту была нават напалову ніжэйшай, чым па крэдытах у злотых. Меншыя адсоткі давалі ніжэйшы штомесячны плацёж па крэдыце, што для многіх людзей было таксама важна з пункту гледжаньня крэдытаздольнасьці.
Тым часам рост курсу франка ў 2014 годзе пацягнуў за сабою рашучы рост агульнай запазычанасьці па крэдытах. У выніку асобы, якія ўзялі крэдыт у гэтай валюце, маюць праблемы зь вяртаньнем штомесячных плацяжоў.
PAP/аз