Logo Polskiego Radia
Print

Якую карысьць дае кантакт з унукамі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.01.2016 13:31
  • dziadkowie.mp3
10-15 гадзін у тыдзень, праведзеныя з унукамі, дзейнічаюць як візыт у салёне прыгажосьці.
pixabay.com

Большасьць людзей на Зямлі мае або калісьці будзе мець унукі. Гэта добрая навіна як для ўнукаў, так і бабулі зь дзядулям. Аднак існуе правіла, агульнае для розных спраў: трэба захоўваць меру, таксама ў кантактах з унукамі. Калі гэтыя адносіны ня вельмі інтэнсіўныя, то даюць карысьць як старэйшым людзям, так і дзецям.

На гэтым тыдні бабулі і дзядулі ў Польшчы адзначаюць сваё сьвята: 21 студзеня – Дзень бабулі, а 22 студзеня – Дзень дзядулі. Унукі стараюцца ў гэтыя дні сустрэцца або хаця б пазваніць сваім бабулям і дзядулям, пажадаць ім здароўя і доўгіх гадоў жыцьця, у дзіцячых садках і школах адбываюцца прадстаўленьні для старэйшага пакаленьня, пажылыя атрымліваюць падарункі ад дзяцей сваіх дзяцей.

Цяпер сем’і сталі больш аўтаномныя, чым калісьці. У бабуль і дзядуляў свае справы, яны могуць жыць самастойна дзякуючы пэнсіі, а калісьці былі прымушаны праводзіць апошнія гады жыцьця разам зь дзецьмі. Адпаведна, многія пажылыя радзей сустракаюцца са сваімі ўнукамі, не жывуць з імі пад адным дахам. Зьнікае мадэль патрыярхальнай сям’і, – адзначае Агнешка Рэгульска з Унівэрсытэту Стэфана Вышыньскага ў Варшаве.

А. Рэгульска: Цяпер зьнікае мадэль сям’і, якая складваецца зь некалькіх пакаленьняў. Цяпер у сям’і як правіла толькі два пакаленьні – бацькі і дзеці. Зь дзядулям і бабуляй мы сустракаецца зрэдку – пры нагодзе сьвятаў, сямейных урачыстасьцяў. Дарэчы, маладыя людзі не жадаюць жыць са сваімі бацькамі або бацькамі жонкі ці мужа.

Але, можа гэта і добра, што кантакты паміж унукамі і дзядулям з бабуляй сталі менш інтэнсіўныя. Навукоўцы зь Вялікабрытаніі правялі дасьледаваньні адносін пажылых з іх унукамі. Аказалася, што гэтыя кантакты аказваюць пазытыўны ўплыў на абодва бакі толькі тады, калі яны абмежаваныя да 15 гадзін у тыдзень. Навукоўцы праводзілі досьледы на вельмі вялікай групе пажылых у 10 краінах Эўропы. Аказваецца, што 10-15 гадзін, праведзеныя з унукамі, паляпшаюць самаадчуваньне старэйшага пакаленьня. Тыя, хто ніколі не займаецца дзецьмі сваіх дзяцей, часьцей скардзяцца на праблемы са здароўем. У сваю чаргу дзядуля і бабуля, якія самі гадуюць унукаў, без дапамогі з боку дзяцей, адчуваюць сябе на многа горш. Гэта і зразумела, у іх няма часу, каб дбаць пра сваё здароўе, яны надта стомленыя. Прырода ведала, што робіць: бабуля і дзядуля павінны толькі памагаць сваім дзецям у выхаваньні ўнукаў.

Кантакт са старэйшым пакаленьнем прыносіць карысьць таксама дзецям. Пажылыя чальцы сям’і дазваляюць ім адчуць сувязь зь гісторыяй, зьяўляюцца прыкладам, узорам, дзядуля і бабуля часьцей размаўляюць зь дзецьмі, чым іх уласныя бацькі. Бабуля зь дзядулям даюць добры прыклад, выхоўваюць, і, канешне ж, расьпешчваюць сваіх унукаў.

А. Рэгульска: Дзядуля і бабуля – гэта шырокае паняцьце. Калі яны яшчэ актыўныя ў прафэсійным пляне, то могуць стаць узорам працаўніка або ўладальніка ўласнай фірмы. Акрамя таго, яны зьяўляюцца носьбітамі традыцыі, культуры, жыцьцёвага досьведу і самых розных уменьняў, якім навучыліся за некалькі дзесяткаў гадоў свайго жыцьця ў розных асяродзьдзях, кантактах, сувязях.

Калі старэйшае пакаленьне ўтрымлівае добрыя адносіны з унукамі, гэта можа павысіць самаацэнку дзяцей, іх упэўненасьць у сабе, дзядуля і бабуля даюць эмацыйную стабільнасьць у цяжкіх сытуацыях, могуць быць таксама ўзорам, як правільна старэць. Тое, як бабуля і дзядуля падыходзяць да свайго ўзросту, можа паўплываць на стаўленьне іх унукаў да дарослага і сталага жыцьця.

А што ўнукі даюць пажылым людзям? Дзьве гадзіны за дзень, праведзеныя з унукам, могуць дзейнічаць як візыт у салёне прыгажосьці. Унукі даюць энэргію, дапамагаюць змагацца са стрэсам, дзякуючы ім бабуля і дзядуля больш рухаюцца, прабываюць на сьвежым паветры. Прабываньне з унукамі дазваляе практыкаваць памяць, што аддаляе рызыка старэчага склерозу. А падлеткі могуць памагчы бабулі і дзядулі разабрацца ў сьвеце новых тэхналёгій. Гэта ў іх, а не ў сваіх дзяцей, пажылыя асобы вучацца карыстацца кампутарам або сотавым тэлефонам.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт