Logo Polskiego Radia
Print

9 гадоў мараплаваньня

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.01.2016 12:43
  • 12spol.mp3
Казімеж Людвіньскі здзейсьніў кругасьветнае падарожжа на яхце з двума малымі дзецьмі.
foto: pixabay.com

Калі Казімеж Людвіньскі адпраўляўся ў рэйс вакол сьвету разам са сваімі дзецьмі, дачцэ было 6 гадоў, а сыну 7 месяцаў. Мараход заплянаваў падарожжа на 2 гады, але яно зацягнулася на 9 гадоў. Для дзяцей гэта ня быў час доўгіх канікул, яны вучыліся паводле польскай праграмы навучаньня. Варта знаёміцца з такімі людзьмі, для якіх немагчымае становіцца магчымым.

Мы, канешне ж, не прапануем вам, дарагія слухачы, адмовіцца ад жыцьця на сушы і масава адпраўляцца ў мараплаваньне. Тым ня менш, калі слухаеш такога чалавека, як Казімеж Людвіньскі, то здаецца, што жыцьцё з маленькімі дзецьмі на яхце – гэта абсалютна нармальны спосаб праводзіць час.

Казімеж Людвіньскі плянаваў рэйс на два гады, але ён зацягнуўся на дзевяць доўгіх гадоў. За гэты час яхта пад назваю «Выспа шчасьлівых дзяцей» зьдзейсьніла кругасьветнае падарожжа. Капітан судна кажа, што рашэньне не было прынятае за адну хвіліну.

К. Людвіньскі: Гэта не было рашэньне, прынятае хутка і адназначна. Мы спачатку выйшлі ў рэйс усёй сям’ёй. У той час у нас з братам быў свой бізнэс, уласная фірма. У нейкім моманце я вырашыў, што гэта не маё жыцьцё – бізнэс, гандаль, я так не хачу жыць. І тады мы выйшлі ў мора, разам з маімі дзецьмі і іх мамай. Мы прынялі рашэньне на нейкі час перанесьціся ў іншы, свабодны сьвет.

Плаваньне зацягнулася на дзевяць гадоў, але жонка адмовілася ад такога жыцьця. Калі сям’я вярнулася на сушу, дзеці пайшлі ў школу, стараліся вярнуцца да звычайнага жыцьця. Цяпер Нэль ужо практычна дарослая дзяўчына, і на пэўна 9-гадовае жыцьцё на моры паўплывала нейкім чынам на яе характар і сьветапогляд. Аднак Нэль гаворыць, што стараецца паводзіць сябе нармальна, хаця адчувае сваё адрозьненьне ад іншых.

Нэль: Я адчуваю сябе іншай, але стараюся быць нармальнай. Я стараюся не задзіраць нос, не паказваць калегам, што я бачыла больш, чым яны, пазнала сьвет. Маім калегам гэта перашкаджае. Напрыклад, на геаграфіі я сяджу зь сяброўкай, а настаўніца распавядае пра нейкія месцы на Зямлі. Я кажу: а я там была. Сяброўка адказвае: файна, але я бачу, што празь нейкі час ёй пачынае ўжо гэта перашкаджаць. І мне таксама шкада, што яна не магла перажыць тое, што я. Так што я адчуваю сябе іншай, але ня ведаю, ці лепшай.

Казімеж Людвіньскі адзначае, што ён вучыць дзяцей перш за ўсё пашане да іншых людзей. А жыцьцё на невялікай яхце прымусіла яго да дэмакратычнага выхаваньня, дзеці прымаюць рашэньні разам з татам, як роўны з роўным, што часам бывае крыніцай канфліктаў.

К. Людвіньскі: Ва ўсіх рэлігіях сьвету, нават у ісламе, ёсьць такое правіла – не рабі іншаму таго, чаго б не хацеў, каб рабілі табе. Пашана да іншага чалавека – гэта асноўная каштоўнасьць. Я стараюся выхоўваць дзяцей дэмакратычна. І калі я зраблю нават маленькую памылку, дзеці адразу мне пра яе кажуць. Аказваецца, што яны цудоўна ўмеюць слухаць і засвойваць урокі, і не прымаюць ніякай хлусьні. Зь дзецьмі нельга хавацца за каменным тварам. Мне здараецца і паплакаць, і крыкнуць, хаця рэдка. Тады яны прыйдуць, прытуляцца, просяць прабачэньня. Дзеці спакойна ідуць спаць, а я бʼюся са сваімі думкамі – ці я дзесьці зрабіў памылку ў выхаваньні?

Жыцьцё Казімежа Людвіньскага на яхце не было ідэальным. На пачатку падарожжа жонка запатрабавала ў яго разводу, хаця яны разам плавалі ўжо чатыры месяцы. Казімеж астаўся на судне адзін з дачкой, а жонка выехала ў Польшчу. Пазьней бабуля імкнулася адабраць у бацькі бацькоўскія правы праз суд. Аднак у канцы канцоў усё супакоілася. І жонка, і бабуля зразумелі, што дзякуючы мараплаваньню дзеці становяцца больш дарослыя і адказныя, разьвіваюць цікаўнасьць да сьвету і іншых людзей. Спадар Казімеж і ягоная дачка Нэль забралі тады на яхту таксама маленькага Ноэ.

А як удалося выканаць школьны абавязак? Дзеці ж павінны вучыцца. Аказалася, што і гэтую праблему можна вырашыць. Дзеці вучыліся завочна. Раз у кожныя тры месяцы яны пісалі кантрольныя работы і высылалі іх па пошце ў Польшчу. Калі вярнуліся на айчыну, дзеці пайшлі ў школу. Цяпер яны кажуць, што іх прыгнятае манатоннасьць жыцьця, яны хацелі б вярнуцца да прыгоды, якой была плаваньне па марах і акіянах.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт