Logo Polskiego Radia
Print

Не выклікай хуткую на дарэмна

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.12.2015 21:45
Здараецца, што людзі выклікаюць выратавальнікаў да дзіцяці з насмаркам або камусьці, хто зьвіхнуў палец.
foto: Pawel998/Wikimedia Commons

Карэта хуткай дапамогі па ідэі павінна выяжджаць толькі па тых выклікаць, якія інфармуюць пра сьмяротна небясьпечныя выпадкі. У ідэале так яно і адбываецца, але як у Польшчы, так і Беларусі ды іншых краінах сьвету хуткую часта выклікаюць пацыенты або іх сваякі ды блізкія, якія маглі б пачакаць візыту ў лекара некалькі гадзін і дзён. Чыйсьці жарт або лянота могуць каштаваць камусьці іншаму жыцьця.

У Польшчы адбываецца акцыя пад назваю «Не выклікай хуткую на дарэмна». Лекары і мэдычныя выратавальнікі нагадваюць жыхарам краіны, каб падумаць некалькі разоў перад тым, як выклікаць хуткую. Пра тое, ці выслаць службу мэдычнай дапамогі да хворага, вырашае дзяжурны, а ён можа ацаніць сытуацыю толькі па словах таго, хто звоніць. Здараецца, што людзі выклікаюць выратавальнікаў да дзіцяці з насмаркам або камусьці, хто зьвіхнуў палец. Здавалася б, усе павінны разумець, што хуткую нельга выклікаць беспадстаўна, аднак лекары пастаянна заклікаюць жыхароў да здаровага сэнсу, паколькі не для ўсіх гэта элемэнтарна, – адзначае мэдычны выратавальнік з Кракава Адрыян Станіш.

А. Станіш: Гэта праблема ня толькі мэдычнай хуткай дапамогі ў Польшчы, але таксама ў іншых дзяржавах, напрыклад, у нашых суседзяў чэхаў з кожным годам расьце колькасьць неабгрунтаваных выклікаў. І такія акцыі, як «Не выклікай хуткую на дарэмна», адбываюцца рэгулярна. Мэдычны пэрсанал увесь час стараецца нагадваць насельніцтву, дзеля чаго існуюць брыгады хуткай дапамогі. Яны не павінны займацца лячэньнем насмарку ці выпісваньнем рэцэптаў.

Колькасьць машын хуткай дапамогі абмежаваная, а выклікаў кожны дзень і кожную ноч – вельмі многа. І таму дыспэтчару, які прымае званок, самому прыходзіцца вырашаць, па якім выкліку паслаць хуткую, а каму прапанаваць адправіцца да лекара самастойна. Гэта вельмі адказная праца, і не заўсёды дыспэтчар у стане высьветліць, ці выклік сур’ёзны, ці гэта жарт.

А. Станіш: Калі хуткая паедзе па выкліку, які быў жартам, або да пацыента, які хранічна хворы, але сам мог бы пайсьці да тэрапэўта, тады брыгада хуткай мэдычнай дапамогі шмат хвілін, а часам і гадзін займаецца справай, якой яна не павінна займацца. У гэтым часе яна можа не пасьпець прыехаць на дапамогу параненым у дарожна-транспартным здарэньні, да асобы, у якой здарыўся інфаркт або інсульт. Калі на дадзенай тэрыторыі здарыцца нешчасьлівы выпадак, рэзкае захворваньне, то прыйдзецца высылаць хуткую з іншага шпіталя. Калі ў пацыента, да якога едзе хуткая, затрымалася сэрца, ён можа не дажыць да прыезду лекара. Праз пятнаццаць хвілін пасьля затрыманьня кровазвароту шанцы выжыць рэзка падаюць.

Кожны лекар, працуючы ў сыстэме мэдычнага выратавальніцтва, сустракаецца з кур’ёзнымі выклікамі хуткай. Напрыклад, быў выпадак, калі мужчына выклікаў хуткую быццам бы да інфаркту, а калі лекары прыехалі, ён стаяў у дзьвярах з гадзіньнікам у руцэ, паколькі хацеў праверыць, за колькі брыгада да яго прыедзе, ці сапраўды за 15-20 хвілін, як павінна. Бываюць таксама іншыя выпадкі, пра якія расказвае Адрыян Станіш.

А. Станіш: Былі такія кур’ёзныя выпадкі, як напрыклад, выклік хуткай – ДТЗ, паранены матацыкліст у цяжкім стане. Прыяжджаем на сырэне, аказваецца, што ў матацыкліста толькі крыху сьцёртая скура на назе, лёгкае раненьне. Вельмі часта людзі выклікаюць хуткую ў выніку розных эпізодаў хатняга насільля, калі ніхто сур’ёзна не пацярпеў, але ахвярам такога насільля здаецца, што лекар павінен прыехаць і выдаць даведку аб зьбіцьці для праваахоўных органаў. Яшчэ прыклад – малады чалавек ня можа спаць ноччу або яму сьняцца кашмарныя сны і ён выклікае хуткую, каб яму памагла. Іншыя разам жанчына з аўтобуса выклікала хуткую, бо чалавек быццам бы непрытомны ляжыць на траве. Аказалася, што гэта быў працаўнік, які рамантаваў каналізацыю. Мы едзем на сырэне, праяжджаем на чырвоным сьвятле, рызыкуем уласным жыцьцём ды жыцьцём іншых людзей, а калі прыяжджаем на месца, аказваецца, што выклік быў непатрэбны.

Таксама здараецца, што хуткую выклікаюць пажылыя асобы толькі дзеля таго, каб лекар выпісаў ім рэцэпт на лекі, паколькі лякарствы закончыліся. Неабходна памятаць, што хуткая дапамога прыяжджае толькі ў сытуацыі, калі пад пагрозай знаходзіцца жыцьцё пацыента, а дапамога яму патрэбная неадкладна.

1 Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт