Улады варшаўскага раёну змагаюцца з сэксам у кнігах
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
15.12.2015 15:43
У мясцовай бібліятэцы выведзена з абарачэньня каля 100 кніг.
pixabay.com
Каля ста кніжак былі выведзены з абарачэньня ў грамадзкай бібліятэцы ў варшаўскім раёне Урсус. З паліц зьніклі кніжкі з розных галін, але яднае іх адно слова – «сэкс» або вокладка з матывам аголеных людзей – піша Gazeta Wyborcza.
З бібліятэкі прапалі ня толькі кніжкі з «амаральным» зьместам, але таксама фільмы, якія падыходзяць пад адпаведныя крытэры. Чытачы ня змогуць ужо прачытаць кніжку «Сэкс у культурах сьвету» выдатнага сэксоляга Зьбігнева Льва-Старовіча, «Сэксуальнасьць дзіцяці», «Сэкс у Трэцім райху» або «Парнаграфію» Вітальда Гамбровіча.
Дырэктар бібліятэкі Пётр Янкоўскі сказаў, што некаторыя кніжкі «надта лібэральныя», ён іх вывеў з абарачэньня ў адным з трох філіялаў, па просьбе чытачоў і пасьля кансультацый з адміністрацыяй раёну.
Журналісты газэты зьвярталіся да ўладаў раёну з просьбаю пракамэнтаваць справу. Раёнам кіруе партыя «Грамадзянская плятформа» разам з мясцовым Грамадзянскім таварыствам ва Ўрсусе, у якога рэпутацыя блізка зьвязанага з каталіцкім касьцёлам.
У Польшчы «сэкс» ахопліваюць цэнзурай – камэнтуе Міхал Выберальскі. Аднак нельга ацэньваць кніжкі толькі па вокладцы і загалоўку. Варта зазірнуць у кнігу, праверыць, аб чым ідзе ў ёй гаворка. Мясцовыя цэнзары ахоўваюць ад дэмаралізацыі ня толькі чытачоў, але і саміх сябе. Таму, калі яны баяліся зазірнуць у кнігі, то нагадваю ім, што ў «Парнаграфіі» Гамбровіча няма ілюстрацый, – іранізуе аўтар камэнтара.
Gazeta Wyborcza/нг