Logo Polskiego Radia
Print

Палякам рэдка прапануюць перасадку ныркі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.12.2015 16:44
Толькі кожнага дваццатага паляка з нырачнай недастатковасьцю кіруюць на перасадку, у Эўропе - кожнага другога.
pixabay.com

Шмат палякаў памірае ад вострай нырачнай недастатковасьці. Жыцьцё многіх магла б выратаваць перасадка органа. Аднак у Польшчы толькі кожнага дваццатага хворага кіруюць на трансплянтацыю. У Эўропе – кожнага другога – чытаем у выданьні Polityka.

Сярэдняя даўжыня жыцьця хворага, які існуе дзякуючы дыялізам, складае ад васьмі да дзесяці гадоў. Але ўжо празь некалькіх гадоў дыялізаў здароўе пацыента знаходзіцца ў такім дрэнным стане, што перасадку ныркі немагчыма ў яго правесьці. У сваю чаргу перасаджаная нырка дае хвораму 18-20 гадоў жыцьця. А калі яна перастане дзейнічаць, магчыма зрабіць чарговую перасадку.

Таму першай думкай лекара, які ставіць дыягназ хораму з нырачнай недастатковасьцю, павінна быць перасадка. Найлепш ад кагосьці з блізкіх сваякоў. Аднак у Польшчы першай думкай зьяўляецца дыяліз. Маўляў, пару гадоў паходзіць на дыялізы, а пазьней пабачым. Такі падыход зьяўляецца эфэктам слабай адукацыі мэдычнага пэрсаналу, лекараў, мэдсясьцёр у галіне трансплянталёгіі. І нізкай сьвядомасьці грамадзтва.

Станцыі дыялізаў часьцей за ўсё не прапануюць хворым старацца зрабіць перасадку, наадварот, пужаюць іх наступствамі такой апэрацыі. Справа ў тым, што дыялізы сталі добрым інтарэсам. Бальшынёй цэнтраў дыялізаў уладаюць прыватныя фірмы, якія на кожным дыялізаваным пацыенце зарабляюць некалькі дзесяткаў тысяч злотых у год.

Што зрабіць, каб больш хворых атрымлівала новую нырку? На думку трансплянтолягаў, неабходна зьмяніць сыстэму алёкацыі, гэта значыць, якія структуры могуць прапанаваць пацыента для перасадкі, каб не былі гэта станцыі дыялізаў. І павысіць плату, якую шпіталі атрымліваюць за такія апэрацыі.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт