У польскіх бацькоў сталі часьцей забіраць дзяцей
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
12.11.2015 16:29
Ці ўмяшальніцтва сацыяльных службаў у кожным выпадку абгрунтаванае? – пытаецца „Rzeczpospolita”.
pixabay.com
У Польшчы вырасла колькасьць выпадкаў, калі прадстаўнікі сацыяльных службаў забіраюць дзяцей у бацькоў, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.
Нагадаем, правіла, якое дазваляе хутка адбіраць дзяцей у бацькоў „у выпадку непасрэднай небясьпекі, пагрозы жыцьцю або здароўю ў сувязі з насільлем у сям'і”, было ўведзенае ў Польшчы ў 2010 годзе.
У 2011 годзе на яго падставе ў польскіх бацькоў былі адабраныя 474 дзяцей, у 2012 годзе – 500, у 2013 годзе - 571 дзіця, а ў 2014 годзе ажно 1 359 дзяцей.
Чым патлумачыць такі імклівы рост? Паводле Міністэрства працы, у Польшчы зьмянілася сацыяльнае ўсьведамленьне.
„Пра парушэньні паведамляюць ужо ня толькі ахвяры насільля ў сям’і, але й суседзі, якія бачаць трывожныя сыгналы”, – тлумачаць прадстаўнікі міністэрства. Яны падкрэсьліваюць таксама, што расьце давер палякаў у дачыненьні да службаў, якія супрацьдзейнічаюць насільлю ў сям’і.
Паводле чыноўнікаў, рост выпадкаў умяшальніцтва сацыяльных службаў у жыцьцё сям’і не зьяўляецца прычынай для непакою.
Аднак з гэтай ацэнкай не згаджаецца адвакат Барташ Левандоўскі з Інстытута на карысьць прававой культуры „Ordo Iuris”, які сочыць за судовымі справамі, датычнымі абмежаваньня бацькоўскіх правоў.
„Павелічэньне колькасьці адабраных у бацькоў дзяцей можа быць абумоўлена многімі фактарамі. Бывае, што суседзі паведамляюць сацыяльныя службы зламысна. Вельмі часта такая „зброя” выкарыстоўваецца ў выпадку разводу. Акрамя таго, у мяне ёсьць уражаньне, што супрацоўнікі сацыяльных службаў усё часьцей занадта „заўзята” ставяцца да праблемы беднасьці ў сям’і”, - перасьцерагае адвакат Барташ Левандоўскі ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.
аз