Сёньня гаворка пойдзе пра захады польскай экалягічнай арганізацыі WWF Polska на карысьць Карпацкай пушчы. Гэта другі пасьля Белавескай пушчы ўнікальны, некрануты чалавекам лес. Эколягі адзначаюць, што дрэвы, якіх не садзіў чалавек, гінуць ад яго піл.
Штогод тысячы букаў, елак і дрэваў іншых гатункаў перастаюць дыхаць для чалавека. Старыя дрэвы Карпацкай пушчы, якіх не садзіў чалавек, ня ўмеюць крычаць, таму паміраюць у цішыні – так на сваёй старонцы актывісты WWF Polska заклікаюць усіх неабыякавых падпісацца пад пэтыцыяй у абарону Карпацкай пушчы.
У чым справа? Што пагражае гэтаму ўнікальнаму ў Польшчы месцы?
«Мы хочам, каб як мага больш людзей езьдзіла ў Карпаты й магло захапляцца прыродай, але ня зьнішчанай. Тым часам лясныя дарогі перасякаюць тэрыторыю Карпацкай пушчы. А будуюць іх толькі для таго, каб вывозіць дрэва», – тлумачыць Павал Сьрэдзіньскі з WWF Polska.
П. Сьрэдзіньскі: Мы гаворым не пра гмінныя дарогі, але пра шэраг лясных дарог, якія недаступныя звычайным людзям. Перамяшчацца гэтымі дарогамі можа толькі транспарт, які падлягае лясьніцтвам, а таксама паляўнічыя. Мы гаворым не пра дарогі, даступныя ўсім, а пра дарогі, якія ўсё часьцей перасякаюць тэрыторыю пушчы, якая была цалкам бязьлюдная.
Эколяг тлумачыць, што гэтыя дарогі ўзьнікаюць, каб вывозіць дрэва. Вельмі часта яны заканчваюцца на якім-небудзь узгорку.
П. Сьрэдзіньскі: Гэта ня дробныя лясныя дарогі. Гэта дарогі для двух грузавікоў. А дзіркі ў заканадаўстве дазваляюць у лясах будаваць іх без ацэнкі ўплыву на навакольле. Пры гэтым узьнікаюць таксама ўтулкі, якія выклікаюць асушэньне й эрозію глебы, а дарогі служаць вырубцы дрэваў. Гаворачы пра нашую акцыю, я зьвяртаюся таксама як звычайны грамадзянін нашай краіны. Я б хацеў, каб тое, што я бачыў яшчэ некалькі гадоў таму, змаглі пабачыць наступныя пакаленьні. Сытуацыя сапраўды кепская. Ніхто не зьвяртае ўвагі на тое, што адбываецца ў тым рэгіёне.
Дарогі ў Карпацкай пушчы выклікаюць таксама некарысныя для жыцьця жывёл зьмены, а Карпацкая пушча гэта важны аплот папуляцыі рысі, мядзьведзя, ляснога ката (які нідзе ў іншым месцы не выступае) і ваўка.
Супакойваючым аргумэнтам ня могуць быць новапасаджаныя дрэвы на месцы вырубленых. Значнасьць пушчы надае менавіта рыса некранутага лесу, то бок такога, дзе растуць дрэвы не пасаджаныя чалавекам – дрэвы старэйшыя за 100 гадоў, якія даюць прытулак шматлікім гатункам жывёл і лішайнікаў. Напрыклад, толькі старыя дрэвы могуць быць месцам будовы гнёздаў арлоў, а старыя яліны мядзьведзі выкарыстоўваюць у якасьці прытулку.
У Польшчы ёсьць толькі два ўнікальныя месцы – некранутыя лясы – гэта менавіта Карпацкая пушча й Белавеская пушча. Таму эколягі асаблівым чынам змагаюцца за яе захаваньне.
Падпісваючы заклік WWF Polska кожны патрабуе ад польскіх улад, ведамстваў і ўстановаў, якія ўпраўляюць тэрыторыяй польскіх Карпат, прадпрыняць рашучыя крокі на карысьць іх поўнай і дакладнай аховы.
У пэтыцыі пастаўленыя пяць мэт. Першая – прызнаньне старых дрэваў помнікамі прыроды. Па-другое, узмацненьне аховы тэрыторыі вакол струмянёў у пушчы. Трэцяя мэта – захаваньне больш за 100-гадовых дрэваў. Чацьвёртае – стварэньне сапраўдных зон без дарог. І апошняе – стварэньне нацыянальнага парку (Турніцкага) на тэрыторыі Карпацкай пушчы.
Карпацкая пушча – гэта вялікі лясны комплекс у паўднёвай Польшчы. Яго паверхня – каля 315 тысяч гектараў. Пачаткова пушча расьцягвалася на тэрыторыі цэлых Карпат, з выключэньнем найвышэйшых гор Татраў, Бяшчадаў і Бабяй гары. Цяпер лясная тэрыторыя значна зьменшаная ў выніку вырубкі лесу пад сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі ды ў выніку нерацыянальнай лясной гаспадаркі.
Карпацкая пушча зьяўляецца важным аплотам для многіх рэдкіх і ахоўваных гатункаў жывёл.
ав