Logo Polskiego Radia
Print

Палякі зьяжджаюць з Польшчы за лепшымі заробкамі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.10.2015 15:22
Цікава, што за мяжу выяжджаюць не беспрацоўныя, а тыя, хто хоча зарабляць больш.

2 мільёны 320 тысяч – столькі палякаў, паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня(GUS), напрыканцы мінулага году часова або пастаянна пражывала за межамі краіны. Да гэтай пары польская эміграцыя складала найбольш у 2007 годзе. Гаворка ідзе пра 2 мільёны 270 тысяч чалавек, нагадвае выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Цягам году колькасьць палякаў, якія выехалі за мяжу, павялічылася на 124 тысячы. Аднак дасьледаваньні паказваюць, што за мяжу зьяжджаюць у асноўным не беспрацоўныя, а тыя хто мае працу, але хоча зарабляць больш.

Паводле дадзеных, каля 80% часовых эмігрантаў пражываюць па-за межамі Польшчы як мінімум 12 месяцаў.

Дэмографаў непакоіць рост колькасьці польскіх эмігрантаў (у большасьці маладых, прафэсійна актыўных людзей), а таксама факт, што за мяжой яны заводзяць сем’і й нараджаюць дзяцей.

Нацыянальны банк Польшчы запытаўся ў польскіх эмігрантаў, якая зарплата пераканала б іх вярнуцца ў Польшчу. Адна пятая зь іх адказала, што „ніякая”. Адна чацьвёртая запатрабавала 4-6 тысяч злотых на руку. Чарговыя 10% апытаных хацелі б зарабляць 6-8 тысяч злотых. Тым часам сярэдняя зарплата ў Польшчы складае цяпер крыху больш за 4 тысячы злотых. Менш чым сярэдні заробак па краіне атрымлівае дзьве траціны палякаў, нагадвае „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт