Касьцёл: кампраміс выключаецца
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
28.07.2015 15:42
Біскупы накіравалі прэзыдэнту другі ліст, датычны экстракарпаральнага апладненьня.
„Калі гаворка ідзе пра чалавечае жыцьцё, то кампраміс выключаецца”, - напісаў да прэзыдэнта Браніслава Камароўскага старшыня Эпіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі. Гэта яго другі ліст, датычны закону аб экспракарпаральным апладненьні, які прэзыдэнт падпісаў на мінулым тыдні, нагадае „Rzeczpospolita”.
У сваім лісьце арцыбіскуп Гандэцкі нагадаў прэзыдэнту, што дзяржава й Касьцёл павінны супрацоўнічаць паміж сабой у імя грамадзтва.
„Гэтай супрацы ў імя грамадзянаў Польшчы часта не было й няма надалей, асабліва, калі гаворка ідзе пра абарону правоў і годнасьці чалавека ад моманту зачацьця да натуральнай сьмерці”, - падкрэсьліў старшыня Эпіскапату Польшчы.
„Калі мы гаворым пра жыцьцё чалавека, то кампраміс выключаецца, але адначасова бярэцца пад увагу - як гэта казаў сьвяты Ян Павел ІІ - „абмежаваньне шкоднасьці гэткага закону”. Аднак гэткага абмежаваньня ў дадзеным выпадку не хапіла”.
Паводле арцыбіскупа Гандэцкага, закон прыводзіць да таго, што чалавек і чалавечае жыцьцё ў самай раньняй форме становяцца прадметам, а на гэта „ніколі й пад ніякім ціскам згадзіцца нельга”.
Зьмест ліста старшыні Эпіскапату Польшчы да Браніслава Камароўскага прыводзіць выданьне „Rzeczpospolita”.
аз