Logo Polskiego Radia
Print

Банан і сальцісон утрымліваюць радыеактыўныя рэчывы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.05.2015 09:00
  • Банан і сальцісон.mp3
Натуральныя радыеактыўныя рэчывы знаходзяцца ў нечаканых месцах.

Натуральныя радыеактыўныя рэчывы знаходзяцца ў нечаканых месцах: у прадуктах харчаваньня, вадзе, паветры, а таксама ў нашым целе. У якіх яшчэ штодзённых прадметах можна знайсьці радыеактыўныя рэчывы й ці гэта небясьпечна? Пра гэта ў сёньняшняй перадачы мы размаўляем з фізыкам з польскага Нацыянальнага цэнтра ядзерных дасьледаваньняў Эвай Дростэ.

Яна расказвае, што такая зьява як “радыеактыўныя рэчывы” вядомая 119 гадоў, калі было заўважана, што ўранавыя солі ўплываюць на фотаплёнку як сьвятло. Таму гэтую зьяву назвалі радыеактыўнасьцю.

Э. Дростэ: Радыеактыўныя рэчывы, якія знаходзяцца вакол нас, цалкам натуральныя. Часамі яны знаходзяцца ў месцах, дзе гэтага нельга было б спадзявацца. У нашай ежы, у паветры, якім мы дыхаем, у вадзе, якую мы п’ем, а таксама ў нашым целе. Калі казаць пра ежу, то натуральная радыеактыўнасьць ёсьць, напрыклад, у бананах, сальцісоне, паўсюль там, дзе ёсьць элемэнт калія. Адна зь яго разнавіднасьцяў высылае іянізавальнае выпраменьваньне. Агулам калій вельмі паўсюдны ў нашай глебе. Ён вельмі распаўсюджаны ў будаўнічых матэрыялах.

Наш госьць расказала, што натуральныя радыеактыўныя рэчывы напэўна ёсьць у плітцы ў нашых ванных. Асабліва, калі яна кітайская. А ці гэта небясьпечна? “Так, але толькі для тых, хто гэтага баіцца”, - кажа фізык.

Э. Дростэ: Паўтаруся: мы пра гэта ведаем 119 гадоў, а чалавецтва існуе тысячы гадоў і неяк вытрымала з такой радыеактыўнасьцю. Я дасканала ведаю, што людзі баяцца слова “радыеактыўнасьць”. Але ўвага: іянізавальнае выпраменьваньне можа на нас адмоўна паўплываць толькі тады, калі яго вельмі шмат і калі ў кароткім адрэзку часу яно трапіць на далікатную частку цела.

У выпадку будаўнічых матэрыялаў таксама існуюць канкрэтна акрэсьленыя нормы ўтрыманьня радыеактыўных рэчываў. Іх колькасьць ня можа перавысіць норму, якая можа пашкодзіць здароўю асобы, якая ў такім будынку знаходзіцца нават цэлымі днямі.

Калі казаць пра тэрыторыю, то розныя часткі краіны, а таксама розныя часткі гораду маюць іншае выпраменьваньне. Ёсьць рэгіёны сьвету, парамэтры радыёактыўнасьці якіх адрозьніваюцца паміж сабой нават у некалькі сотняў, калі казаць пра ўтрыманьне натуральнай радыеактыўнасьці. А дзе ў Польшчы найбольшы ўзровень радыеактыўнасьці?

Э. Дростэ: У ваколіцах былых уранавых руднікоў у Ніжняй Сылезіі. Таксама ёсьць невялікі ўранавы востраў непадалёк Уроцлава, а таксама на балтыйскім узьбярэжжы. Радыеактыўнасьць у Польшчы знаходзіцца на сярэднім узроўні ў параўнаньні з цэлай Эўропай і цэлым сьветам. Ёсьць месцы, дзе яно ў некалькі сот разоў большае. Гэта, напрыклад, рэгіён цэнтральнай Францыі, некаторыя рэгіёны Кітая. Часта радыеактыўныя матэрыялы вандруюць са скаламі граніту. У сувязі з тым, у Нарвэгіі й на Каўказе, дзе ёсьць гранітныя скалы, гэтага выпраменьваньня больш, чым на польскім пляжы. Пры гэтым аказалася, што сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын на Каўказе і ў Нарвэгіі выключна доўгая. І неяк ім гэта не перашкаджае.

Гарады, дзе больш высокіх будынкаў, маюць большае выпраменьваньне, чым мясцовасьці, дзе пераважаюць нізкія будынкі.

А ці ёсьць яшчэ якія-небудзь рэчы штодзённага карыстаньня, якія ўтрымліваюць радыеактыўныя рэчывы?

Э. Дростэ: У многіх дамах захаваліся старыя гадзіньнікі, пераважна савецкай вытворчасьці, пакрытыя фарбай, якая ўтрымлівае элемэнт радый і фосфары, якія таксама былі на старых кінескопах тэлевізараў. Такія гадзіньнікі сьвецяцца. Гэта былі пераважна савецкія гадзіньнікі, але такую фарбу ўтрымлівалі гадзіньнікі, зробленыя ў Швэйцарыі, Амэрыцы й Нямеччыне. Да 70-х гадоў яны выпускаліся масава. Цяпер краіны дамовіліся, што такіх рэчаў не выпускаюць. А фарбы, якія сьвецяцца, робяцца з рэчываў, выпраменьваньне якіх вельмі слабое, яно губляецца ў слаях фарбы.

Зьява натуральнай радыеактыўнасьці была адкрыта ў 1896 Анры Бэкэрэлем. Ён заўважыў, што фотаплёнка, якая захоўваецца ў цемнаце побач з уранавай сольлю, пачарнела так, як бы была прасьветленая. Далейшую працу па гэтым пытаньні праводзілі яго памочнікі Пётр Кюры й яго жонка Марыя Кюры-Складоўская.

Jedynka/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт