Logo Polskiego Radia
Print

Што людзі запіхваюць у банкамат разам з грашыма

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.04.2015 09:05
Здараюцца прэзэрватывы, здымкі зубоў, рахункі...

У польскіх гарадах усё больш ня толькі банкаматаў, але таксама гэтак званых уплатаматаў, гэта значыць, банкаматаў, у якіх можна пакласьці праз прыладу наяўныя сродкі на рахунак. Банкіры скардзяцца, што расьсеяныя кліенты не абмяжоўваюцца да грошаў. Яны памылкова засоўваюць у банкамат розныя прадметы. Некаторыя разам з наяўнымі прыхопліваюць з партманэ самыя разнастайныя рэчы. Напрыклад, у адным з банкаў сказалі, што кліент разамі з некалькімі сотнямі злотых засунуў у банкамат прэзэрватыў. Здараюцца іншыя прадметы – піша выданьне Polityka.

“Даволі часта да нас трапляюць рэнтгенаўскія здымкі зубоў”, - гаворыць супрацоўнік аднаго з буйнейшых вытворцаў уплатаматаў у Польшчы. Такія здымкі небясьпечныя для прылады, паколькі яны цьвёрдыя, з вострымі краямі. Здараецца, што здымак перарэзвае гумовыя стужкі і выклікае аварыю ўсёй сыстэмы. Сярод прадметаў, якія выпадкова трапляюць у банкаматы, таксама здараюцца іншыя здымкі, рахункі, сьпісы пакупак.

Чарговая праблема – мышы. Праўда, у закрыты банкамат зьверы не прабяруцца, але здараецца, што яны пранікаюць унутр, калі адбываецца загрузка грашыма. Яшчэ не здарылася, каб мышы зьелі грошы, але здаралася, што банкамат зьеў мыш. У прыладзе ёсьць шмат рухомых элемэнтаў. Калі іншароднае цела ў іх трапляе, зноў жа можа здарыцца аварыя.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт