Дар'я Домрачава выйграла Кубак сьвету па біятлёне
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
23.03.2015 20:54
28-гадовая беларуская біятляністка Дар'я Домрачава ўпершыню ў гісторыі стала пераможніцай Кубку сьвету — 2014/2015.
22 сакавіка ў Ханты-Мансійску (Расея) у заключнай гонцы сэзону — мас-старце — спартоўка заняла чацьвёртае месца і стала недасягальнай для асноўнай канкурэнткі фінкі Кайсы Мякарайнэн.
Дыстанцыю 12,5 км Домрачава пераадолела за 35 хвілін 38,1 сэкунды, двойчы прамахнуўшыся пры стральбе (0+0+1+1). Пераможніца КС-2013/2014 Мякарайнэн паказала 13-ты вынік (36.48,0; 1+1+1+2).
Узнагароды заваявалі немка Ляўра Дальмаер (35.08,2; бяз промахаў), чэшка Габрыэля Соўкалава (+7,1; без промахаў) і французка Мары Дарэн-Абэр (+19,9; 0+0+1+1).
Трохразовая алімпійская чэмпіёнка 2014 году Домрачава ўпершыню выйграла Кубак сьвету. Летась яна заняла ў агульным заліку трэцяе месца, у 2013-м і 2012-м — другое, у 2011-м і 2010-м — шостае, у 2009-м — сёмае, у 2008-м — 26-е, у 2007-м (дэбютным) — 22-е.
Сёлета спартоўка заваявала "Малы крыштальны глёбус" у спрынце, заняла другое месца ў заліку гонак перасьледу (на адно ачко адстала ад Мякарайнэн), другое месца ў індывідуальных гонках і трэцяе месца ў гонках з масавым стартам.
Домрачава прызнаная найлепшай спартоўкай Эўропы 2014 году. Тройчы — у 2010, 2011 і 2014 гадах — станавілася найлепшай спартоўкай Беларусі.
Усяго на яе рахунку 28 перамог на этапах Кубка сьвету (зь іх 9 у сёлетнім сэзоне). Дваццаць разоў яна прыходзіла да фінішу другой, 21 раз — трэцяй. У складзе эстафэтнай каманды на яе рахунку 4 срэбныя і 3 бронзавыя ўзнагароды. Заваявала два мэдалі чэмпіянату сьвету (2012-ты — гонка перасьледу, 2013-ты — гонка з масавым стартам).
БелаПАН/ эб