Палякі купляюць усё больш лякарстаў і харчовых дабавак
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
04.03.2015 11:55
У пераліку на аднаго жыхара Польшча выйшла на шостае месца ў Эўропе па колькасьці купляемых фармацэўтыкаў.
Палякі – лекаманы. Чарговы год запар палякі пабілі ўласны рэкорд колькасьці выдаткаў на таблеткі і сыропы. Гэта між іншым вынік шырокіх рэклямных кампаній – мяркуе Gazeta Wyborcza.
Надоечы пасьля перадазіроўкі парацэтамолу памёр пажылы мужчына. У яго не было хранічных хвароб, але, як мільёны палякаў, ён пастаянна піў лекі з парацэтамолам, перавысіў сутачную норму, у яго адмовілі ныркі, печань, наступіла сьмерць.
На кожнай упакоўцы лякарства ці вітамін ёсьць інфармацыя аб магчымым дрэнным уплыве прэпаратаў на здароўe. Але гэта не стрымлівае палякаў ад паглынаньня ўсё большай колькасьці лекаў і харчовых дабавак – вітамін і мінэралаў. Кошт рынку фармацэўтычных прэпаратаў ацэньваецца на 27,3 млрд злотых – на 3,3 млрд больш, чым годам раней. У пераліку на аднаго жыхара Польшча выйшла на шостае месца ў Эўропе – пасьля Францыі, Нямеччыны, Італіі, Чэхіі і Бэльгіі.
Канцэрны выдаткоўваюць на рэкляму сваіх прэпаратаў больш, чым банкі або тэлекамунікацыя. Людзі часта купляюць лекі пад уплывам рэклямы. У аптэцы апісваюць рэкляму, і нават не памятаюць назвы прэпарату. Лекі становяцца такім жа элемэнтам пакупак, як хлеб ці мінэральная вада, паколькі кліенты ўсё часьцей набываюць прэпараты ў крамах, а не аптэках, дзе яны даражэйшыя. Харчовыя дабаўкі, якія паводле рэклямы маюць амаль што магічныя ўласьцівасьці, даюць канцэрнам агромныя прыбыткі, паколькі ў іх складзе няма дарагіх хімічных субстанцый. Нацыянальны інстытут лекаў перасьцерагае, што яны могуць шкодзіць, асабліва ў вялікіх дозах, а нават выклікаць ракавыя пухліны.
Gazeta Wyborcza/нг