Некаторыя каталіцкія сьвятары з Польшчы займаюцца на тэрыторыі Беларусі „ня тымі рэчамі”, што трэба. Аб гэтым 29 студзеня падчас традыцыйнай прэс-канфэрэнцыі заявіў лідар Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
„Што датычыцца польскіх сьвятароў, я ня вельмі задаволены службай некаторых польскіх прадстаўнікоў на нашай зямлі. Я аб гэтым гаварыў былому Папе рымскаму, калі зь ім сустракаўся, расказваў, што яны часам займаюцца ня тымі рэчамі, якімі павінны займацца”, - сказаў беларускі лідар. Ён дадаў, што ў свой час зьвяртаў на гэта ўвагу й кардынала Казіміра Сьвёнтэка, які з разуменьнем на гэта рэагаваў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сярод сьвятароў, як і ў іншых сфэрах, ёсьць розныя людзі. Некаторыя дапускаюць адміністрацыйныя правапарушэньні.
Ён нагадаў, што заўсёды заклікаў рыхтаваць больш каталіцкіх сьвятароў у самой Беларусі. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы зьвярнуў увагу, што ў Беларусь запрашаюцца каталіцкія сьвятары ня толькі з Польшчы, але й зь іншых краін.
„Ёсьць праблемы, але яны не зьяўляюцца катастрафічнымі й невырашальнымі. Мы тут спакойна разьбяромся, у тым ліку з грамадзянамі Польшчы, якія вядуць пропаведзі й працуюць у Каталіцкай царкве. Няма катастрофы”, - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі дзьвюма асноўнымі канфэсіямі зьяўляюцца каталіцызм і праваслаўе. Большая частка насельніцтва адносіць сябе да праваслаўя. Аднак сярод постсавецкіх дзяржаў Беларусь знаходзіцца на другім пасьля Летувы месцы па колькасьці католікаў.
„Гэта сотні тысяч чалавек. Можа, мільён”, - растлумачыў лідар Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым у краіне даволі талерантна ставяцца да людзей іншага веравызнаньня.
„У нас нармальныя адносіны як з праваслаўнымі, так і з католікамі. Я дапамагаю як праваслаўным, калі магу, так і католікам”, - сказаў ён. Лукашэнка таксама паведаміў, што ў недалёкім будучым у Беларусі зьявіцца будынак для нунцыятуры (пасольства Ватыкана). Зямельны ўчастак для гэтага ўжо выдзелены.
„У нас выдатныя адносіны, і яны будуць такімі, таму што я хачу захаваць міжканфэсійны мір”, - падкрэсьліў Аляксандaр Лукашэнка.
Раней незадаволенасьць замежнымі ксяндзамі ў Беларусі выказаў таксама ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка.
30 студзеня каталіцкія біскупы Беларусі на пазачарговым пленарным паседжаньні абмеркавалі агучаныя апошнім часам закіды ў адрас польскіх сьвятароў, якія служаць у Беларусі.
„Мы, як і вернікі-каталікі, з глыбокай заклапочанасьцю ўспрымаем гэтыя абвінавачваньні, якія ўважаем неабгрунтаванай абразай Каталіцкага касьцёла й распальваньнем міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці”, - падкрэсьліваецца ў заяве.
З гэтай нагоды Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці сустрэўся з кіраўніком МЗС Беларусі.
belta.by/аз
Праблемы каталіцкага касьцёла ў Крыме
Пасьля анэксіі паўвыспы мясцовыя каталіцкія парафіі мусяць паўторна зарэгістравацца.
Каталіцкі касьцёл пачаў перарэгістрацыю каталіцкіх парафіяў у Крыме. Да сакавіка ўсе парафіі на анэктаванай Расеяй паўвыспе павінны перарэгістравацца ў адпаведнасьці з правіламі расейскага заканадаўства.
Мы адправілі дакумэнты ў Маскву й чакаем адказу, - кажа біскуп Адэска-сымфэропальскай дэяцэзіі Яцэк Пыл.
Біскуп Яцэк Пыль: Іх павінны прааналізаваць у Маскве. Празь некалькі дзён павінен быць адказ. На падставе гэтых дакумэнтаў мы будзем рэгістравацца. Я спадзяюся, што ўсё будзе добра. Можна сказаць, што ўвесь працэс перарэгістрацыі толькі што пачаў рухацца ўперад.
Пасьля атрыманьня станоўчага адказу з Расеі, у адпаведнасьці з прынятым узорам пачнецца рэгістрацыя парафіяў. Цяпер на Крыме дзейнічае сем каталіцкіх парафіяў. Біскуп Яцэк Пыл даведаўся, што не павінна быць праблем таксама з выдачай візаў для польскіх сьвятароў, якія будуць працаваць на паўвыспе.
аз
Ксёндз Ляманьскі абскардзіць рашэньне Ватыкана
Ксёндз Войцех Ляманьскі ў 90-х гадох працаваў таксама ў Беларусі.
Ватыкан падтрымаў рашэньне арцыбіскупа Генрыка Госэра аб прыпыненьні ксяндза Войцеха Ляманьскага ў сьвятарскіх абавязках. Такім чынам, былы пробашч зь Ясяніцы надалей ня можа выконваць сьвятарскіх абавязкаў і насіць расу. Ксёндз Ляманьскі заяўляе, што будзе аспрэчваць гэтую пастанову.
Кажа Матэвуш Дзедушыцкі, прэс-сакратар Варшаўска-праскай курыі.
Матрвуш Дзедушыцкі: Пакараньне мае выпраўчы характар і будзе дзейнічаць пакуль ня зьменяцца паводзіны ксяндза Войцеха Ляманьскага.
Курыя заклікала маліцца за сьвятара.
Паводле сацыялёга рэлігіі прафэсара Зьбігнева Мікалайкі, гэтая справа мае яшчэ адзін аспэкт. Гэта перасьцярога для іншых сьвятароў.
Зьбігнеў Мікалайка: Ёсьць такая небясьпека, што калі ксёндз Ляманьскі атрымаў бы хоць часткова карыснае для сябе рашэньне Ватыкана, то Эпіскапат Польшчы быў бы прымушаны быць больш асьцярожным у сваім „панскім кіраваньні Касьцёлам”.
Нагадаем, ксёндз Войцех Ляманьскі – вядомы прыхільнік хрысьціянска-габрэйскага дыялёгу, - за свае адважныя выказваньні ўвайшоў у канфлікт з каталіцкімі іерархамі. За гэта ён атрымаў вымову, забарону выказвацца ў СМІ й быў зьняты з функцыі пробашча парафіі ў Ясяніцы. Пазьней духоўны таксама быў пазбаўлены права выконваньня сьвятарскіх абавязкаў і нашэньня расы.
Нагадаем, ксёндз Войцех Ляманьскі раней працаваў таксама ў Беларусі. Ён быў пробашчам сьвірскай і засьвірскай парафій, стаяў ля вытокаў іх адраджэньня ў 1990–1997 гг.
аз
Украінскі патрыярх Філярэт узнагародзіў беларуса-сьвятара
Сяргей Горбік атрымаў мэдаль разам зь іншымі сябрамі фармаваньня „Падольская Сеч”.
Патрыярх Кіеўскі і ўсёй Русі-Украіны Філярэт узнагародзіў чальцоў грамадзкага фармаваньня „Падольская Сеч” мэдалямі „За ахвярнасьць і любоў да Ўкраіны”.
Фармаваньне стварылася яшчэ ў канцы сакавіка - пачатку красавіка 2014 году й пачало дапамагаць украінскім памежнікам. Яны не толькі зьбіралі матэрыяльную дапамогу, але і ўдзельнічалі ў баявых атрадах аховы межаў Украіны.
Сярод іншых узнагароду атрымаў кіраўнік прэс-цэнтру фармаваньня й капэлан Сяргей Горбік, колішні ўдзельнік менскай „Талакі”.
podolskisich.org/euroradio.fm/аз