Logo Polskiego Radia
Print

Чарльз Купчан: санкцыі супраць Расеі трэба абвастрыць

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.01.2015 14:50
Амэрыканскі экспэрт лічыць, што крызыс ва Ўкраіне нельга вырашыць ваенным шляхам.

„Санкцыі супраць Расеі трэба зрабіць больш жорсткімі, а доўгатэрміновую дапамогу павялічыць”, - кажа ў размове з выданьнем „Dziennik Gazeta Prawna” Чарльз Купчан, дырэктар па эўрапейскіх пытаньнях ў Радзе нацыянальнай бясьпекі (NSC), галоўны дарадца Барака Абамы па эўрапейскіх пытаньнях.

„Мы лічым, што рэалізацыя пагадненьняў зь Менска - гэта лепшы шанец на вырашэньне канфлікту мірным шляхам. На жаль, сэпаратысты й расейскі бок не выконваюць абавязацельстваў, якія ўзялі на сябе і, такім чынам, мы павінны разгледзець наступныя крокі для таго, каб аказаць дадатковы ціск на Расею”, - кажа Купчан.

У ягонай ацэнцы, аблягчэньне санкцый можа адбыцца выключна тады, калі сэпаратысты й расейцы будуць гатовыя прытрымлівацца Менскіх пагадненьняў. Гаворка ідзе, між іншым, пра вывад цяжкой зброі, спыненьне паставак зброі з Расеі й перакідваньня расейскіх адзінак праз мяжу.

„На жаль, на дадзены момант мы гэтага ня бачым. Па меншай меры, да таго часу, пакуль гэта ня зьменіцца, санкцыі павінны працягвацца. Вашынгтон будзе дзейнічаць з мэтай, каб уведзеныя ў сакавіку, ліпені й верасьні абмежаваньні, былі працягнутыя”, - заявіў дарадчык прэзыдэнта Абамы.

Чарльз Купчан лічыць, што крызыс ва Ўкраіне нельга вырашыць ваенным шляхам, таму неабходным зьяўляецца дасягненьне палітычнага кампрамісу, то бок перамір'я, вываду зброі й выкананьня пагадненьняў зь Менска.

„У той жа час, мы павінны забясьпечыць фінансавую дапамогу Ўкраіне, каб яна магла стаць стабільнай і эфэктыўнай дзяржавай, якая будзе ў стане падтрымліваць сваю тэрытарыяльную цэласнасьць. Наша дзейнасьць уключае дапамогу па падрыхтоўцы жаўнераў і доўгатэрміновыя кансультацыі. Мы перадалі больш за $100 млн у рамках дапамогі ў галіне бясьпекі, і надалей будзем разглядаць запыты ўрада Ўкраіны аб аказаньні такой дапамогі”, - кажа Купчан.

Аднак амэрыканскі экспэрт у размове з выданьнем „Dziennik Gazeta Prawna” падкрэсьлівае, што цяпер плян для Ўкраіны не бярэ пад увагу ейнага чальцоўства ў Паўночнаатлянтычным пакце, але выключна дапамогу ў пераўтварэньнях у напрамку стабільнай і дэмакратычнай дзяржавы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт