Logo Polskiego Radia
Print

120-годзьдзе часопіса „Przewodnik Katolicki”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.01.2015 13:00
  • часопіс.mp3
Першы нумар каталіцкага выданьня выйшаў 17 студзеня 1895 года.
 fot. GeographBot /Wikimedia Commons/CC

Надоечы познаньскаму часопісу „Przewodnik Katolicki” („Каталіцкі праваднік”) споўнілася 120 гадоў. 17 студзеня 1895 года ў рукі чытачоў трапіў першы нумар каталіцкага пэрыядычнага выданьня на польскай мове.

Нагадаем, тады гэта была тэрыторыя, акупаваная Прусіяй – гэтак званая Пруская Польшча.

Сёньня „Przewodnik Katolicki” мае агульнапольскі характар. Апошнім часам газэта атрымала новы фармат.

Паводле галоўнага рэдактара Міраслава Тыкфэра, у сваім новым фармаце тыднёвік будзе спалучаць у сабе рысы кансэрватыўнага й сучаснага выданьня.

Міраслаў Тыкфэр: На яго старонках ёсьць месца таксама на нейкія ўнутрыканфэсійныя дыскусіі. Мы ня хочам выступаць Ex cathedra, гэта значыць высоўваць свае погляды без дыскусіі. Мы хочам, каб гэта было месца на абмен думкамі. Ёсьць толькі адна ўмова: усе ўдзельнікі дыскусіі павінны браць пад увагу неабходнасьць паглыбленьня тэмы, а не прэзэнтаваць павярхоўныя, крайнія й эмацыйныя тэзісы.

Урачыстае сьвяткаваньне 120-годзьдзя выхаду першага нумару часопіса „Przewodnik Katolicki” заплянаванае на верасень бягучага году.

аз

12 млн злотых на стыпэндыі для вучняў бяднейшых сем’яў

Такую суму сабраў фонд „Справа новага тысяччагодзьдзя”.

Больш чым 12 мільёнаў злотых удалося сабраць у мінулым годзе фонду „Справа новага тысяччагодзьдзя” на стыпэндыі для таленавітых дзяцей зь бедных сем'яў.

Фонд Эпіскапату Польшчы, якому ўжо пятнаццаць гадоў, субсідуе адукацыю вучням гімназіяў, сярэдніх школаў і студэнтам.

Грошы паступаюць са збору ахвяраваньняў, праведзенага 12 кастрычніка мінулага году падчас Папскага дня.

А ўсё пачалося пятнаццаць гадоў таму пасьля паломніцтва Папы рымскага Яна Паўла ІІ у Польшчу, кажа кардынал Казімеж Ныч, які ўзначальвае згаданы фонд.

Казімеж Ныч: Група біскупаў, сьвецкіх асобаў і спонсараў паломніцтва вырашыла за сродкі, якія засталіся пасьля візыту папы, заснаваць фонд. Ніхто ня думаў, што фонд так хутка пачне разьвівацца. Мы пачыналі зь некалькіх сотняў стыпэндыятаў, а цяпер іх у нас 3 тысячы, у тым ліку 1 тысяча студэнтаў. Гэта сур’ёзная справа. Ейны маштаб відаць, калі возьмем пад увагу колькасьць маладых людзей і грошы, якія яны атрымліваюць на вучобу.

Аляксандра Канвіцка зьяўляецца адным з трох тысяч стыпэндыятаў фонду „Справа новага тысяччагодзьдзя”. Яна вучыцца на першым курсе журналістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта. Аляксандра разумее шанец, які атрымала менавіта дзякуючы фонду.

Аляксандра Канвіцка: Стыпэндыя – гэта рэальная фінансавая падтрымка, паколькі вучоба ў Варшаве - гэта су’рёзны кошт. Я зьяўляюся чальцом супольнасьці фонду „Справа новага тысяччагодзьдзя”, і гэта таксама дае мне сілу, адвагу й веру ва ўласныя магчымасьці. Дзякуючы стыпэндыі я магу рэалізаваць свае пляны й мары – рабіць тое, што люблю.

Надоечы у сядзібе Эпіскапату Польшчы ў Варшаве кардынал Казімеж Ныч прадставіў лёзунг Папскага дня ў 2015 годзе: Ян Павал ІІ - заступнік сям'і.

У кантэксьце заплянаванага на бягучы год сінода, прысьвечанага сям’і, мы хочам пашырыць навучаньне Папы-паляка ў гэтым пытаньні, кажа кардынал Казімеж Ныч.

Казімеж Ныч: З навучаньня Папы Яна Паўла ІІ трэба выбраць тыя элемэнты, якія датычылі сям’і. У сувязі з гэтым лёзунг, які мы прынялі на 2015 год гучыць наступным чынам: Ян Павал ІІ –заступнік сям’і. Мы зьвяртаем увагу на сьвятога, які ня толькі навучаў нас на тэму сям’і, але таксама сам зьяўляецца заступнікам усіх сем’яў.

Сёлета Папскі дзень будзе адзначацца 11 кастрычніка.

аз

У Беластоку прайшоў Экумэнічны тыдзень

Яго лёзунгам была цытата з Эвангельля сьвятога Яна: „Дайце мне піць”.

Набажэнствы за мір у сьвеце ў Беластоцкай архікатэдры, экумэнічная служба ў царкве, каталіцка-пратэстанцка-праваслаўны сэмінар у Беластоцкай архідыяцэзіяльнай духоўнай сэмінарыі й XI Міжшкольная экумэнічная сустрэча маладых – гэта некаторыя мерапрыемствы, якія адбыліся ў рамках Тыдня малітваў за адзінства хрысьціянаў у Беластоцкай архідыяцэзіі.

Сёлетнія экумэнічныя малітвы й сустрэчы суправаджала цытата з Эвангельля паводле сьвятога Яна: „Дайце мне піць”.

Ксёндз-доктар Радаслаў Кімша – прадстаўнік Беластоцкага мітрапаліта па справах адносінаў з хрысьціянскімі канфэсіямі й рэлігіямі, - нагадвае, што 30 лістапада 2014 году Папа Францішак і Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей падпісалі сумесную дэклярацыю, у якой адносяцца да хрысьціянскага абавязку імкнуцца да адзінства. Дакумэнт таксама ўзгадвае пра перасьлед вернікаў Хрыста.

Менавіта адказам на гэты дакумэнт быў сёлетні Экумэнічны тыдзень, падчас якога каталікі, праваслаўныя, пратэстатны, а таксама падляскія татары маліліся за мір ва ўсім сьвеце.

Экумэнічны тыдзень пачаўся 18 студзеня набажэнствам у лютэранскай капэле.

19 студзеня, на праваслаўнае Вадохрышча, у царкве Сьвятога Духа ў Беластоку ардынарый Беластоцка-Гданьскай епархіі архіепіскап Іакаў адслужыў набажэнства за адзінства хрысьціян.

20 студзеня ў санктуарыі бл. Баляславы Лямэнт за пераадоленьне рознагалосьсяў паміж хрысьціянамі маліліся кансэкраваныя асобы. А 22 студзеня ў Беластоцкай гандлёва-эканамічнай школе прайшла IX Міжшкольная экумэнічная сустрэча маладых.

Экумэнічны тыдзень у Беластоцкай архідыяцэзіі закончыўся імшой за адзінства хрысьціянаў у касьцёле сьв. Максымільяна ў Беластоку. Імшу ачоліў беластоцкі мітрапаліт, арцыбіскуп Эдуард Азароўскі, а з пропаведзьдзю выступіў праваслаўны архіепіскап Іакаў.

Беластоцкія ўрачыстасьці з нагоды Тыдня ўсеагульнай малітвы за адзінства хрысьціянаў былі арганізаваныя прадстаўнікамі розных касьцёлаў Падляшша.

аз

Мітрапаліт Павел: Тэма самакіраваньня БПЦ здымаецца з парадку дня

У бліжэйшыя 25 гадоў кіраўнік БПЦ не зьбіраецца вяртацца да гэтага пытаньня.

У бліжэйшыя 25 гадоў кіраўнік БПЦ не зьбіраецца вяртацца да пытаньня аб яе самакіраваньні. Пра гэта мітрапаліт Павел заявіў у эфіры тэлеканала АНТ.

„Тэма самакіраваньня БПЦ здымаецца з парадку дня на 25-50 гадоў”, - сказаў ён. - На фоне таго, што адбываецца ў Эўропе і ў сьвеце, гэтая думка гучыць неяк тэндэнцыйна. У мяне склалася ўражаньне, што гэтую ідэю спэцыяльна сюды падкінулі, і яна сёньня як ніколі ня ў час прагучала”.

„Я павінен абсалютна афіцыйна сказаць, што ўвесь ажыятаж і шум нічога, акрамя шкоды, не прынёс. Пажаданьне з боку менскай епархіі выклікала хвалю абурэньня з боку велічэзнай колькасьці людзей”, - пракамэнтаваў сытуацыю ён.

„Я прыняў пастанову гэтае пытаньне зьняць з парадку дня. Давайце больш не абмяркоўваць гэтую тэму. Гэтае пытаньне трэба на неабмежаваны тэрмін закрыць. Тэма здымаецца з парадку дня, і мы бліжэйшыя 25-50 гадоў да яе вяртацца ня будзем”, - падсумаваў мітрапаліт Павел.

БелаПАН/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт